сказаў Алёша, вымаючы з кішэні сінюю кніжку комсамольскага білета, і паклаў яго на лаўку.
— Каб не дзяўчаты, — Рыгор зірнуў на іх, — я цябе яшчэ трошку далей паслаў-бы.
Комсамольцы зарагаталі, а Сапун, бразнуўшы дзвярыма, вышаў са сходу.
— Комсамолец!.. За комінам на печы сядзець яму, ды з прусамі ваяваць, а не ў комсамоле быць… Ну, я галасую, хто за тое, каб яго выключыць? Прашу падняць рукі… Так… А то толькі перабіў увесь сход. Ужо даўно бюро выбралі-б.
Хутка пасля гэтага сход скончыўся. Комсамольцы палняліся з месц, скучыліся каля стала, за якім цяпер былі ўсе трое мабілізаваных, і паглядалі на іх, усё яшчэ не верачы, што цераз пару дзён іх не стане ў ячэйцы.
— Вы-ж хоць пішыце нам лісты, дзе будзеце, — просіць Міхаль Ганорык, новы сакратар ячэйкі.
— Будзем пісаць, — у Кастуся голас ціхі. Ён пазірае ўкрадкам на Аксану. — А вы-ж і нам пішыце, ды часцей, вам адсюль лягчэй будзе пісаць.
— Хлапцы, — просіць Рыгор Мікодаў, — давайце да нас пойдзем, пабудзеце ў хаце, пакуль я з бацькам пагавару. Не хочу я, каб ён сварыўся. А пры вас не будзе.
— А тады да нас, — просіць і Ёська. — Уй, я ўяўляю, што будзе мне дома. Але зол зайні азэй[1], — кажа ён па-яўрэйску і радасна ўсміхаецца. — Абы вы пасабілі першую атаку адбіць, а тады ўжо будзе лягчэй.
Комсамольцы ўсе разам ідуць дадому тапалёвай прысадай. Па абодва бакі прысады маладая жытнёвая рунь. Яна лёгкімі хвалямі пераліваецца пад ветрам. Вецер гойдае верхавіны роўных як адзін высокіх тапалёў і яны густа шумяць над галовамі ў комсамольцаў сваім пажоўклым лісцем і, збіраючы вакол серабрыстых ствалоў маладое тонкае галлё, цягнуцца галлём угару, адкрываючы над прысадай вузкую паску: светласініх нябёс. Па ёй, перасякаючы яе наўскасяк, плыве, асветлены вячэрнім сонцам, вымыты ў чырвоных сонечных променях кавалак хмар. Залюбаваўшыся ім, ідзе Кастусь і, не адрываючы ад хмары погляду, пяе, крычыць у вышыню маладым упэўненым голасам:
|
„Свергнем могучей рукою |
- ↑ Хай будзе так.