яшчэ на сваё месца прыдзем… І тады я з імі буду гаварыць крышку інакш, чым гаварыў мой бацька.
Гаспадар зайшоў у гумно і паслаў для госця на свежым сене пасцель. Госць, стоячы на сярэдзіне гумна, пацёгся і пазяхнуў, паказваючы, што хоча спаць, але калі гасцадар пажадаў яму спакойнай ночы і пайшоў у хату, госць зноў надзеў паліто, якое быў скінуў, асцярожна адчыніў вароты і, агледзеўшыся, вышаў на двор. Гумно было супроць двара. З гэтай прычыны госць, баючыся разбудзіць сабак, адразу шмыгнуў за гумно, пералез цераз плот на поле і разорай, спяшаючыся, пайшоў у напрамку да былога панскага дома. Падышоўшы зусім блізка да двара, ён на хвілінку прытуліўся і наўмысля некалькі раз паціху кашлянуў, праверыў, ці ёсць сабакі. Злева ад яго быў так званы «чорны» двор і хаты, у якіх жылі парабкі, і хлявы ды гаспадарчыя будынкі. Ад іх густы рад тапалёў, пасля за тапалямі цэлай сцяной бэзавыя кусты. І тапалі, і бэзавыя кусты аддзяляюць «чорны» двор ад «чыстага», на якім каменны белы панскі дом. Дом цмяна бялее перад вачыма, калі Адам Феакціставіч Пілацееў пазірае ўправа. Ён зусім блізка, і, азірнуўшыся па баках, Пілацееў ідзе цераз двор да веранды. Двор зарос муравой і крокаў ягоных зусім не чуваць. На момант Пілацееў спыняецца яшчэ перад верандай, пасля асцярожна падымаецца па чатырох драўляных сходках на веранду і крадзецца да дзвярэй. Дзверы замкнёныя, На дзвярах вісіць вялікі цяжкі замок з тых, якімі сяляне замыкаюць свае клеці. Пілацееў бярэ замок на далонь і разглядае яго. Пасля спрабуе тузануць дзверы каленам, але яны не паддаюцца, яны замкнёныя яшчэ і нутраным замком. Тады Пілацееў сыходзіць з веранды і ідзе каля сцяны дома ў сад, куды выходзіць дом аж некалькімі вокнамі. Каля першага-ж акна ён спыняецца, вынімае з кішэні нож і ўмомант ставіць пад нагамі каля сцяны вынятую з акна шыбіну. Пасля, прасунуўшы ў дзірку руку, адчыняе знутры акно і лезе ў сярэдзіну дома.
У доме цёмна і ціха. Ён услухоўваецца ў цішыню і, стаўшы спіной да вокан, чыркае аб карабок запалкай. Запалка нясмела ўспыхвае, пасля гарыць невялічкім жоўтым аганьком, напаўняючы пакой цмяным святлом, а Пілацееў адносіць яе трошачку ў бок ад вачэй і разглядае пакой. У пакоі не крануты ні столь, ні падлога, ні сцены, усё як было, толькі на самай сярэдзіне стаіць стол і на ім некалькі газет. Не ўглядаючыся ў іх, Пілацееў камечыць газеты, рве іх і кідае сабе пад ногі. Запалка патухла і ён запальвае другую і ідзе ў суседні пакой, у былую гасціную залу.