Гаспадыня прынесла і расставіла па стале малако, масла свежае, смятану і парэзанае маленькімі кавалачкамі сала.
— Можа-б яешню елі, Адам Феакціставіч?
— Не, дзякую. Да вы-ж, Палагея Іванаўна, відаць закарміць мяне хочаце?
— Сілкуйцеся. З дарогі трэба добра пад’есці. А ўжо заўтра я вам згатую любімы ваш кісялёк. Ці можа ўжо не любіце?
— Люблю, Палагея Іванаўна. Толькі даўно ўжо не еў яго.
— Заўтра я на сняданак згатую.
— Не варта турбавацца, Палагея Іванаўна.
— Божа мой, якія тут турботы. Я так рада, калі зраблю гэтым для вас прыемнае… Цяпер-жа такое жудаснае жыццё, такое жудаснае, нічога ў ім не разбярэш. Шчаслівыя Феакціст Антонавіч і Вера Пятроўна, што выратаваліся ад гэтага жыцця. Трэба было і вам, Адам Феакціставіч, адразу за мяжу куды-небудзь паехаць. Шчаслівым-бы чалавекам былі. Там-бы ў ціхім і перачакалі, пакуль усё гэта скончыцца…
— Не выпала мне. Давядзецца неяк тут чакаць.
Пасля вячэры госць яшчэ нейкі час гутарыў з гаспадаром, а пасля гаспадар павёў яго нанач у сваё гумно. Гаспадар нёс на левай руцэ падушку і коўдру. За дваром на сцежцы, адкуль можна было разгледзець тапалёвую прысаду каля былой панскай сядзібы, ён прыпыніўся і паказаў госцю туды рукой.
— Зямлю падзялілі, усё дабро парасцягвалі, а дом занялі пад клуб. Комсамольцы цяпер у доме гаспадараць, бібліятэку там завялі, спектаклі. Над богам і над людзьмі насміхаюцца.
Госць моўчкі доўга стаяў на месцы, углядаючыся ў цемру, у якой можна было адрозніць высокую чорную сцяну тапалёў. Пасля, як зацягнулася маўчанне, сказаў:
— Ну, хадземце, пакажыце, Ермалай Трыфанавіч, дзе мне спаць, стаміўся я з дарогі, ды і самі ідзіце адпачываць, а заўтра яшчэ пагутарым.
— Вось і добра, а гэта я вам, каб двор ваш паказаць. Ад мяне ўвесь ваш двор відзён. Я наўмысля так сяліўся, каб назіраць хоць, калі хто што будзе браць з двара. У мяне, Адам Феакціставіч, усё ўлічана, каб толькі вось як-небудзь збыць іх гэных пролетарыяў, тады-б мы ўсё да крошкі сабралі-б. Я на ласку Феакціста Антонавіча не запамятаў.
— Дзякую, Ермалай Трыфанавіч. Будзьце спакойны. Мы