ніка. Шырока ўсміхаючыся, прытрымліваючы левай рукой пенсне, ён доўга ціскаў Буднікаву руку.
— Ну, гэт-та, калега, здорава вышла. Я нават не чакаў. Ты, ч-чорт, так хітра пачаў, што ніхто не спадзяваўся пачуць таго, што пасля пачулі… Брава, калега. Сёння-ж я пастараюся забегчы да цябе і паталкаваць… Брава… А цяпер іду вось, тут, непадалёк…
Кулікоўскі кіўнуў галавай і знік, а Буднік пайшоў да сябе на кватэру.
Пасля шумнай універсітэцкай залы маленькі пакой здаўся незвычайна цесным. Пяць крокаў ад дзвярэй да стала і кніжнай этажэркі. Два крокі ад крэсла да ложка. Цесна і няўтульна. Буднік падышоў да акна і спыніўся каля яго, узіраючыся ў далячынь за раку, у раскіданыя ў беспарадку шматлікія агні вялікага горада. Агні па незвычайнаму іскрыліся за абледзянелымі шыбамі акна. У вушах усё яшчэ жыў гоман актавай залы. Здавалася, што ў вуліцы ўнізе, пад вокнамі, ідзе шумны натоўп студэнтаў. Захацелася пайсці на вуліцу. Але гадзіннік паказваў на палову дванаццатае ночы. Буднік сеў. Як сеў, неўзаметку падкраўся сон. Ужо ў напоўсне ён распрануўся і лёг. А ноччу прачнуўся, як застукалі ў дзверы. Буднік прахапіўся і, не разумеючы, колькі ён спаў, парашыў, што стукае Кулікоўскі. Уключыў святло. Тады здзівіўся, зірнуўшы на гадзіннік: было чатыры гадзіны ночы. У дзверы зноў пастукалі.
— Адчыніце!
Нехта незнаёмы закашляў за дзвярыма і паціху загаварыў. Буднік зразумеў, што за дзвярыма хтосьці не адзін.
— Адчыніце! — патрабаванне паўтарылася ўжо голасам больш настойлівым. — Вам тэрміновая тэлеграма.
«Паліцыя», — зразумеў Буднік і ўважліва агледзеў пакой, стараючыся прыпомніць, ці няма ў пакоі чаго-небудзь недазволенага. Памяць працавала напружана і хутка. Супакоены, ён моўчкі адамкнуў дзверы і адышоў да ложка. У пакой зайшло двое. Жандарм паціху прычыніў дзверы і застаўся стаяць каля іх, а другі, прывітаўшыся, абвясціў, што зробіць вобыск. Пакуль ён пераглядаў паперы ў стале і кніжкі, якія перакладаў з этажэркі на стол, Буднік апрануўся і стаў побач з ім. Калі афіцэр перайшоў да ложка, Буднік зноўку паставіў кніжкі на этажэрку.
— Пане жандармскі афіцэр, — сказаў ён, — вы дарэмна шукаеце. Нічога недазволенага ў мяне няма, ні ў чым злоўчынным я не замешаны.
— Гм. Я буду рад, калі гэта так, — адказаў афіцэр. — А цяпер пакажыце вашыя чамаданы.