плячысты хлапец. Пасля гэтак-жа павіталіся і іншыя і селі каля стала, а дзяўчына тонкая, востраносая, з падстрыжанымі сукрыстымі валасамі на невялікай галаве, стала каленкамі на мяккае крэсла і абапёрлася локцямі на стол, на якім ляжалі кучкай толькі што прынесеныя аднекуль кніжкі.
— Як тваё прозвішча? — запытаў у Рыгора той, што першым павітаўся з ім.
— Жук. Рыгор Жук.
— Тады раскажы, таварыш Жук, з чым ты прыехаў да нас, з якімі навінамі?.. Мілоўскі, значыць, у вас? Ну, як ён?
— А нічога. Як прыехаў, спыніўся ў нас, мой бацька старшынёй у сельсовеце, а ноччу расказаў мне ўсё пра комсамол. Я тады пераказаў усё сваім хлапцам, а ў нядзелю сабраліся і арганізавалі ячэйку.
— Колькі-ж чалавек у вашай ячэйцы?
— Чатырнаццаць пакуль што.
— Чатырнаццаць? — здзівіўся сакратар. — А Мілоўскі падрабязна расказаў вам пра комсамол? Гаварыў ён, што можа комсамольцам давядзецца ісці на фронт?
— Аб усім гаварыў.
— І вы не баіцёся, калі давядзецца ісці?
— А чаго-ж баяцца? — Рыгор патупіў вочы ўніз і пачырванеў. Баяцца нам няма чаго.
— А калі на фронце заб’юць? — падхапіла востраносая і ўпёрлася поглядам у Рыгора. Рыгор адчуў на сабе яе погляд і падняўшы галаву, зірнуў проста ў твар ёй.
— Заб’юць? Тады будзем забітымі, а пакуль тое будзе, пажывем, — асмялеў ён, змеціўшы, што хлапцы ветліва ўсміхаюцца.
— А як бацькі не пусцяць на фронт? — дапытвала востраносая, і Рыгор злаваў на яе, але адказваў.
— Мы не малыя, не дзеці мы, каб нас бацькі не пускалі.
Хлапцы зноў ветліва ўсміхаліся, а сакратар сказаў да дзяўчыны.
— Ты, Гэлька, лепш пра дзяўчат запытай, а пе пра страх перад бацькамі. Ці ёсць у іхнай ячэйцы дзяўчаты?
— Ёсць, ажна дзве: Шкробат Марыля і Каляда Аксана.
— Ну, вось, бачыш! Ажна дзве дзяўчыны ў ячэйцы. Гэта здорава, — усміхнуўся сакратар. — Малайцы. Добрая ячэйка будзе. А хлапцы вашы хто, беднякі?..
Рыгор падрабязна расказаў пра кожнага ў паасобку і, калі скончыў, сакратар зноў пахваліў ячэйку.
— Малайцы, цяпер працуйце толькі. Як і што рабіць, вам Мілоўскі пакажа, я яму напішу аб гэтым.
— У нас тут яшчэ адна просьба ёсць, — разгарнуў урэшце