Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/207

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на, і ён бачыць у дварэ цэлую групу чырвонаармейцаў каля аўтабраневіка, але не ведае, што гэта за машына, і доўга стаіць супроць брамы, дзівячыся здалёк на машыну. Збоку рыпнулі дзверы. На парозе павяткома, вышаўшы адтуль, спыніўся малады нізкі, круглатвары хлапец. Рыгор як убачыў яго, адразу пайшоў да дзвярэй, павітаўся.

— Гэта тут комсамол, таварыш?

Круглатвары хлапец падняў галаву ўгару, дзе шыльда, як-бы хацеў праверыць, ці сапраўды стаіць ён каля комсамольскага павяткома.

— Тут. А ты, таварыш, адкуль?

— З Пагулянскай воласці, з вёскі Шапятоўкі.

— Комсамолец ты?

— Комсамолец, старшыня бюро. Вось у мяне пратакол. — Рыгор палез у кішэнь паддзёўкі і дастаў адтуль канверт.

— А даўно вы арганізавалі ячэйку?

— Яшчэ нядаўна.

— А як-жа вы да комсамола дадумаліся, самі, ці хто расказаў вам?

— А ў нас таварыш Мілоўскі, ён і расказаў усё мне, а я іншым, гэтак і сабраў хлапцоў.

— У вас, значыць, Васька Мілоўскі?

— Ага…

Ну, то хадзем наверх, да сакратара. Ты яму раскажаш усё і перадасі свой пратакол. — Круглатвары завярнуўся, адчыніў дзверы і пайшоў угару па вузкай і крутой драўлянай лесвіцы. За ім, хвалюючыся, паспяшаў Рыгор, цяжка ступаючы вялікімі гамашамі па скрыпучых сходнях.

Угары, на пляцоўцы, круглатвары зноў адчыніў дзверы і пусціў наперад ад сябе Рыгора. Перад Рыгорам вялікі пакой з чыстай пафарбаванай падлогай. Сцены абабіты цёмнымі шпалерамі. На шпалерах бліскучыя кроплі, лініі. Каля сцен мяккія, абабітыя аксамітам, крэслы. Насупроць вокан, каля сцяны, вялікі люстэрак. Убачыўшы сябе ў люстэрку, Рыгор адвярнуўся і стаў, трымаючы ў руцэ торбу. Другой рукой зняў з галавы шапку. Тымчасам круглатвары адчыніў яшчэ адны дзверы і азірнуўся назад. За яго плячыма Рыгор убачыў некалькі галоў, схіленых над шырокім сталом. Тады, як нёс, паклаў торбу на падлогу каля крэсла, а з шапкай пайшоў за дзверы ў суседні пакой.

— Таварыш прыехаў з Пагулянскай воласці, — сказаў круглатвары, паказваючы кіўком галавы на Рыгора. — У іх там Васька Мілоўскі, ён і пасабіў хлопцам зарганізавацца.

Рыгору цераз стол, падняўшыся з крэсла, падаў руку