Яшчэ стаялі нізкія, драўляныя хаткі з пазачынянымі акяніцамі, калі ўвайшоў Рыгор, на забрукаваную гарадскую вуліцу.
Яшчэ толькі распальваў горан у кузні каваль, і Рыгор, упершыню папаўшы ў горад, падышоў да цёмных адчыненых дзвярэй кузні, каб запытаць пра патрэбны адрас.
— Ага… Гэта вашага былога пана дом тут блізка ў садзе, убачыш, як будзеш ісці, — кажа каваль, выслухаўшы яго. — Каля дома такая, з белага, жанчына стаіць. От за той дом, як пройдзеш два кварталы, павяртай налева каля саду, а за рогам зноў направа квартал і выйдзеш на Гогалеўскую. На ёй сабор у канцы ўбачыш, злева.
— Дзякую, я цяпер знайду. Бывайце здаровы, — прашчаецца Рыгор.
— Бывай здароў. — І каваль яшчэ доўга стаіць на дварэ, пазіраючы ўслед Рыгору, бо насустрач таму з горада едзе даўгі абоз фурманак. Разглядаючы фурманкі, спыняецца, сышоўшы з вуліцы на замошчаны дошкамі тратуар, Рыгор. На фурманках драўляныя скрынкі, маленькія і вялікія, побач ідуць, з вінтоўкамі на плячах, чырвонаармейцы. Ідуць яны купкамі па некалькі чалавек і шумна гутараць. Абоз ідзе доўга, і, стаміўшыся глядзець на яго, скранаецца з месца і ідзе далей Рыгор. Хутка ён бачыць у садзе, з правага боку ад сябе, былы панскі дом і каля і дома белую постаць жанчыны. У руках жанчына трымае белы даўгі шалік, якім закрыла левую палову грудзей, адна рука яе, левая, ляжыць акурат на грудзях. Другой рукой яна, нахіліўшы ледзь-ледзь уніз галаву, трымае шалік скамячыўшы яго ў жмені, над каленам правай нагі. Канец шаліка абгарнуўся па назе і абвіс дзесьці ззаду ажна да пят. По бач стаіць высокая, вышэй ад жанчыны, вузкая будка з дошчак. Каля дома то ў адзін, то ў другі бок па садзе ходзіць вартавы чырвонаармеец. Рыгор прыцішае крокі, разглядаючы вартавога і дом, і мармуровую белую постаць жанчыны, пасля зноў ідзе па-звыкламу шпарка.
Яшчэ цераз хвілін дванаццаць Рыгор спыніўся перад высокім ганкам двухпавярховага чырвонага дома. Над шырокімі, у дзве палавіны, дзвярыма вісела патрэбная Рыгору шыльда. Усё было як след. Быў на рагу, на круглай бляшцы, і патрэбны сямідзесяты нумар, але Рыгор не пайшоў адразу ў дзверы, нават не ступіў на парог, а пайшоў па тратуару каля дома, заглядаючы ў вокны. Вокны высока над зямлёй, і цераз іх, за памутнелымі шыбамі, можна ўбачыць толькі палову столі і самы верх супроцьлеглай сцяны. Рыгор ідзе паўз увесь дом ажна да брамы. Брама адчыне-