Вакол Мілоўскага і Кастуся стаўпіліся цяпер усе. Падышлі бліжэй і дзяўчаты. Разыходзіцца не хацелі. Адбылося нешта вялікае і незвычайнае. Ніхто з іх не ўяўляў, у чым яно праявіцца заўтра, цераз некалькі дзён або тыдняў, але ўсе разумелі, што з гэтага моманту пачнецца нешта новае. І адтаго і ў думках кожнага і ў кожнага на твары ляжалі сляды і незвычайнай усхваляванасці і незвычайнай урачыстасці.
— Вось каб нам ды той панскі дом, — ціха выказаў сваё пажаданне Рыгор. Там-бы мы сабе клуб зрабілі-б.
— Там усё можна зрабіць, — гэтакім-жа ціхім голасам падтрымаў яго Кастусь.
— Я ў воласці пагавару пра гэта. У доме ніхто не жыве?
— Ды ніхто пакуль што не жыве, але Халамей Кот мяркуе туды перабрацца.
— А што, у яго хаты няма?
— Хаты то няма. Але ён-жа не бядняк. Ён чорт ведае адкуль прыехаў, невядома кім яшчэ быў?
— Гэта той, што ўчора на сходзе старшынёю быў? —. Ага.
— Ну, то яму не ўдасца туды перабрацца. Я пра гэта пагавару. Думаю, што выканком пярэчыць не будзе.
— Каб-жа не пярэчыў, а то-ж так вось і збірацца няма дзе. У хаце збярэшся, дык з хаты выганяць, не захоча ніхто, каб поўную хату гразі яму нанеслі. А там самі даглядалі-б, там-бы ніхто не перашкаджаў нам.
— Нічога, зробім, — супакойваў Мілоўскі. — Я вазьму ваш пратакол і буду прасіць, каб выканком належную пастанову вынес… Можна будзе нават і ў павяткоме пагаварыць. Я то буду там яшчэ не хутка, але таварыш Жук, як пойдзе, я запіску з ім пашлю, каб адтуль у выканком паперку напісалі належную.
Цераз чатыры, дні, яшчэ з самага ранку, Мілоўскі выбраўся ісці ў Кірпатаўку, а Рыгор у горад. Рыгору Мілоўскі даў адрас павятовай арганізацыі і, як і абяцаў, сваю запіску да сакратара павяткома, у якой пісаў пра неабходнасць перадачы шапятоўскай ячэйцы былога пілацееўскага дома. Акрамя гэтай запіскі Рыгор нёс з сабою ў горад і копію першага пратаколу сходу шапятоўскай моладзі, на якім была аргнізавана ячэйка. Усе паперы, каб не згубіць іх, Рыгор паклаў у канверт і з канвертам засунуў у глыбокую нутраную кішэнь сваёй паддзёўкі. У дарозе, ідучы гасцінцам да горада, Рыгор час ад часу здымаў рукавіцу і голай рукой абмацваў у кішэні канверт, правяраючы, ці ляжыць ён на месцы.