— Калі няправільна мы каму вызначылі, давайце папраўляць будзем. Ну, каму мы няправільна напісалі?..
— Мне няправільна! — ад задніх радоў пайшоў да стала нізкі мужчына ў даўгім кажуху. З шырокага каўняра кажуха ледзь відзён быў ягоны невялікі круглы твар.
— А ты хто будзеш?
— Шкробат Мікіта. Дзе-ж вы бачылі, каб аж дваццаць пудоў жыта ў адзін раз мне здаць? Сіл у мяне такіх няма.
— А ты што, дзядзька, бядняк? — Мілоўскі хітравата паглядае то на Мікіту, то на Сузона, які сядзіць непадалёк. Мікіта маўчыць, а Сузон усміхаецца ледзь прыкметна і кідае з месца:
— Дай бог кожнаму такую беднасць.
Тады Мікіта аглядаецца назад, шукае поглядам у радах Сузона, якога пазнаў па голасу. А сход маўчыць, шэпчацца. Сход паспакайнеў, калі адчуў, што развёрстка тычыцца не ўсіх, а толькі багатых, што не давядзецца адбіраць ад зярнят, пакінутых на самым дне ў дзежачцы на насенне, некалькіх фунтаў, каб несці ў старшынёву клець здаваць іх; і, адчуўшы гэта, сход заўсміхаўся, нарыхтаваўся паслухаць мікітаву сварку з Сузонам. А Кот Халамей вышаў з-за стала і пайшоў у заднія рады. Там ён схінуўся да Ахрэма Давыдзюка і аб нечым доўга шаптаўся з ім. Мікіта-ж, знайшоўшы Сузона, прычапіўся да таго, як на допыце.
— Чаго ты ад мяне хочаш? Чаго да мяне чэпішся, во што?
— Хочу, каб ты збяднеў троху, каб са мной падраўняўся хоць троху.
— А ні дажджэш ты, каб я з табой роўным быў, во што. Ён маё багацце ўбачыў, хоча распараджацца ім. Свайго, нажыві, дый распараджайся тады, во што.
— Пакуль там свайго дачакаешся, дык я лепш тваім буду распараджацца.
— Не дажджэш ты!..
— Чаму не дажду? Ужо-ж даждаў, от жа заплоціш дваццаць пудоў.
— Не, не дажджэш ты, каб я за цябе плаціў! Сам-жа ты здай дваццаць пудоў, Хітрун знайшоўся. Думае, калі камбед, дык і парадак тут наводзіць будзе.
— І навяду, — ускочыў з месца ўзлаваны Сузон. — Гэта было, што мы за вас усякі раз здавалі, фунтамі зносілі апошнімі, а цяпер годзе! Вы не хворы па дваццаць пудоў здаць. У мяне і мышаняці няма чым пажывіцца, а ў вас засекі ад дабра ломяцца…