тыя, а за імі, троху ніжэй, Сапун Мірон, Арцём Піскун, Кот Халамей… Так што і ўсе, калі казаць пра багатых.
— Ды ўсе.
— Ну, дык вось на іх мы і раскладзем хлеб. На Давыдзюка, на Шкробата, на Ката Ермалая і Дзідзянюка па дваццаць пудоў хлеба і па пятнаццаць пудоў сена, а на Сапуна, Ката Халамея і на Піскуна па трынаццаць пудоў з фунтамі хлеба і па дзесяць пудоў сена. Вось і ўсё. Правільна так будзе ці не?
— Чаму не?
— Правільна, толькі не згодзяцца нашы. Тыя крык падымуць, што ім адным плаціць, а нашы за іх рукі пацягнуць і за гэтакі парадак галасаваць не будуць.
Сузон стаяў над сталом і аб нечым думаў, пазіраючы на запісы, зробленыя Мілоўскім. Пасля, як сказалі сваё і Мікода Жук і Іван Пятровіч, ён абазваўся, выказваючы ўголас свае меркаванні.
— А добра было-б, хлопцы, калі-б гэтак зрабіць, а? — Ён паказаў пальцам на паперку, на якой Мілоўскі запісаў сваё размеркаванне развёрсткі.
— Ды нядрэнна было-б, — згадзіўся і Мікода. — Толькі хіба зробіш што з нашым народам.
— Зробім. Вось пабачыце, што зробім. — Усміхаючыся, Мілоўскі падняўся з-за стала. — Можа пойдзем?
— А ўжо хадзем.
— Сход у вас дзе?
— У школе, у Івана Пятровіча, там раскашней, чым у хаце дзе.
Як прышлі да школьнага двара, там былі ўжо амаль усе вяскоўцы. Яны стаялі купкамі і на вуліцы, каля двара, і на самым дварэ. Калі Мілоўскі следам за Мікодам праходзіў з вуліцы на двор, мужчыны, якія стаялі ў вуліцы, гутарылі пра блізкую вясну.
— Цяпер яна ўраз, — сказаў адзін, — нахопіцца і тады толькі паспявай араць ды сеяць.
— Наўрад ці будзе чым сеяць: усё-ж едуць, усё-ж дай ды дай…
Мілоўскі азірнуўся і змеціў таго, хто сказаў апошнія словы. Быў гэта мужчына год сарака, росту сярэдняга, худашчавы, вызначаўся з усіх даўгімі, з вострымі кончыкамі, закручанымі ўгору светларусымі вусамі. Калі Мілоўскі азірнуўся, ён зразу змоўк і адвярнуўся тварам да вуліцы.
У сярэдзіне ў памяшканні школы таксама было багата мужчын. Яны сядзелі на вузкіх і нізкіх вучнёўскіх лаўках