— Толькі трэба, каб ты не адзін, каб яшчэ некалькі хлапцоў ці дзяўчат…
— А хіба і дзяўчат прымаюць?
— А чаму-ж не.
— Тады я пагавару з хлопцамі з сваёй хэўры. І дзяўчыну адну можа ўгавару… Я заўтра-ж з Кастусём пагавару. А колькі ўсяго чалавек трэба, каб ячэйку арганізаваць?
— Каб хаця трох на першы час.
— Трох я падгавару, — абрадваўся Рыгор, — Кастуся падгавару, Марылю, Міхаля Сымонавага падгавару….
Унізе пад палацямі даўно спаў бацька, а Рыгор з Мілоўскім доўга яшчэ гаварылі поўшэптам пра тое, калі яны збяруцца. Хацелася, каб хутчэй прайшла ноч. Заўтра-ж раніцою ён пойдзе і аб усім пагаворыць з Кастусём і з Міхалём. А пасля, увечары, і з Марыляй.
— Давай будзем спаць, — запрапанаваў Мілоўскі і, перавярнуўшыся на бок, падкурчыў пад сябе даўгія ногі.
— Добра, ужо-такі пара спаць. — І Рыгор гэтак сама перавярнуўся са спіны на бок, а галаву (схаваў напалову пад коўдру: так лягчэй было кіраваць сваімі думкамі.
Назаўтра Рыгор прачнуўся з тымі-ж думамі і, не чакаючы снедання, пайшоў з дому. Снедалі без яго, без яго і палуднавалі, а прышоў ён дадому пад вечар ужо. З сабой прывёў яшчэ хлапца. Хлапец быў у вялікіх салдацкіх гамашах, ад якіх да самых калень ногі былі абкручаны зялёнымі абмоткамі. Увайшоўшы ў хату, хлапец ад парога сказаў «дзень добры» і, прайшоўшы трошку ад парога, сеў адзінцом на лаўцы.
Сам-жа Рыгор сеў каля стала, непадалёк ад Мілоўскага. Сядаючы, зазірнуў у паперкі, якія ляжалі перад Мілоўскім, а тады паклікаў да сябе хлапца.
— Хадзі, Міхаль, сюды, чаго ты там адзін сеў?
— Мне і тут добра. — Хлапеў сядзеў, украдкам паглядаючы з-пад ілба на Мілоўскага. Левай рукой трымаў на калёне напалову аблезлую, пашытую некалі з зайца, шапку.
— Ну, хадзі сюды, — зноў запрапанаваў хлапцу Рыгор і тады пачаў Мілоўскі збіраць са стала свае паперкі. Хлапец падаяўся з свайго месца, перайшоў па хаце да лаўкі, на якой сядзеў Рыгор, і сеў побач з ім…
— Дзень добры, — сказаў да яго Мілоўскі і падаў яму руку. Хлапец пачырванеў і ў адказ нясмела падаў Мілоўскаму руку канцамі абвялых пальцаў.
— Ну як, згодзен ты паступіць у комсамол?
Хлапец яшчэ больш пачырванеў і нічога не сказаў. Адказаў за яго Рыгор.