Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

і дэпутатам Дзяржаўнай думы. Гэта абавязвае нас з асабліва вялікай увагай аднесціся да таго, што казаў паважаны Феакціст Антонавіч.

Зала маўчала.

— У працягу стагоддзяў, — гаварыў Буднік, балканскія народы не мелі сіл, каб пазбавіцца ад цяжкога прыгнёту, каб дамагчыся сваёй незалежнасці, каб самім вырашаць лёс свой. Лёс гэтых шматмільённых народаў вырашаўся палітыкамі, уладарамі больш магутнай нацыі. На лёс гэтых народаў пасягалі многія, і ў выніку балканскае пытанне стала пытаннем вялікіх інтрыг еўрапейскай дыпламатыі, у прыватнасці інтрыг аўстрыйскіх і нямецкіх палітыкаў…

Буднік гаварыў і дапытліва ўзіраўся ў залу. Там ён бачыў збянтэжаныя, здзіўленыя твары сваіх таварышоў. Яны ўважліва ўслухоўваліся ў словы ягонай прамовы і не разумелі, да чаго ён вядзе яе. Прамова была яўна не такой, якую павінен быў сказаць Буднік згодна ўмаўленню. І ўжо дапытлівымі і злоснымі поглядамі яны блукалі па ягонаму твару, патрабуючы тлумачэнняў, а высокі і неспакойны Кулікоўскі, трымаючы ў пальцах рукі пенсне, размахваў рукою ў паветры па-над галовамі — таверышоў, пытаючы ў іх, як зразумець Будніка.

— Пра ўсё гэта, — казаў Буднік — гаварыў нам паважаны прафесар і дэпутат Дзяржаўнай думы. І я не маю намеру спрачацца з прафесарам па гэтай часці ягонае лекцыі. Але…

Зала зноўку змоўкла, Кулікоўскі паднёс да твара руку з пенсне ды так і трымаў яе перад вачыма, баючыся не пачуць, што скажа Буднік.

— Але, панове, — сказаў Буднік, — паважаны прафесар і дэпутат Дзяржаўнай думы Пілацееў, гаворачы пра вялікую гістарычную місію Расіі ў мінулым у адносінах да славян, заклікаў рускую грамадскасць перастаць быць спакойным сузіральнікам балканскіх падзей, заклікаў яе не маўчаць, а дзейнічаць… Расія, па словах паважанага прафесара і дэпутата Дзяржаўнай думы, павінна дзейнічаць. Расія павінна, гэта значыць, выкарыстаўшы момант, умяшацца ў вайну і адарваць ад Турцыі частку яе тэрыторыі, як гэта зрабіла Аўстрыя, захапіўшы ў свае рукі Боснію і Герцагавіну, як гэта зрабіла Італія, захапіўшы ў апошняй вайне Трыполі… Да такой, менавіта, дзейнасці заклікае прафесар рускую грамадскую думку… Страшны, жудасны твар вайны выглядае з-за заслоны прыгожых прафесаравых слоў. Яшчэ не параслі травою магілы рускіх салдат на палях Манчжурыі, а паважаны пан прафесар і дэпутат заклікае ўмяшацца ў новую вайну…