Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі Мілоўскі даў згоду лезці на палаці, Рыгор смялей падаўся да яго і прыгледзеўся да значка ў Мілоўскага на кашулі. Ён выразна бачыў бліскучы, як-бы залачоны, вяночак і ў ім пяціканцовую зорку з чырвонай светлай эмалі, а на зорцы накрыж плуг і малаток.

— Што гэта ў цябе за значок? — асмеліўся запытаць Рыгор.

— Гэта? — Мілоўскі схіліў галаву і да значка крануўся рукой. Гэта комуністычны знак.

— Вельмі прыгожы значок, — сказаў Рыгор і крануўся значка пальцамі. А плуг як самы сапраўдны.

Калі леглі на палацях спаць, Рыгор зноў пачаў гутарку пра значок.

А скажы, — папрасіў ён, — значкі гэтыя прадаюцца, ці іх так выдаюць комуністам?

— Прадаюцца.

— Я сабе купіў-бы, каб натрапіў у горадзе на іх. Я, ведаеш, усёроўна комуністам стану, каб толькі дазнацца ад каго, як і што.

— Аб чым дазнацца?

— Ну, як паступіць, куды…

— Гэта я табе ўсё раскажу, — абрадваўся Мілоўскі. — Я акурат з’яўляюся інструктарам павятовага камітэта комсамола. Ты пра комсамол не чуў?

— Не-а…

Пакуль гаварыў Мілоўскі аб комсамоле, Рыгор ляжаў моўчкі, уважліва слухаючы кожнае слова. Слухаючы, ён прыжмурвае вочы, пазіраючы ў нізкую столь, і бачыць перад вачыма сваю вясковую вуліцу і на вуліцы бачыць самога сябе сярод сваіх сяброў. Ён — комсамолец. Ён ідзе ў сваёй святочнай вопратцы, падперазаны папружкаю і ўвесь час абцягвае пад папружку кашулю, каб яна гладзей ляжала на грудзях, каб выразней відзён быў усім значок, які ў яго з левага боку на кашулі. Ён ідзе ў гэты раз без вінтоўкі, вінтоўка вісіць у хаце на круку над лаўкай. Самая сапраўдная вінтоўка, салдацкая.

— А як-жа мне ў комсамол паступіць? — пытаецца Рыгор.

— Табе можна будзе, калі ты захочаш паступіць. У комсамол толькі буржуйскіх сынкоў мы не прымаем, ды папоўскіх розных, а табе паступіць лёгка, абы захацеў.

— Я хацеў-бы, калі можна, адразу цяпер і паступіць пры табе. Баяцца я нічога не баюся, куды-б ні паслалі, — паспяшаўся ён запэўніць Мілоўскага.