Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/188

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А ты-ж не вышаў пасабіць яму.

— А што там? Каня распрэгці няцяжка, а сена-ж яму я паклаў нанач. — І ён зноў узіраецца цераз акно ў двор, дзе мільганула бацькава постаць. — Ды вунь ён ідзе ўжо, нечага на вуліцу хадзіў.

Гаспадар увайшоў у хату, несучы на руцэ збрую.

— Людзі ў нас, кабіх маланка папаліла, — сказаў ён. — Ці яны баяцца, ці яны хочуць таго, чорт іх не разбярэ. Гэта-ж на вуліцу мяне Арцём паклікаў. Пытае, ці не чуў я пра тое, што на гэты раз палякі і да нас ужо, дойдуць.

— Мусіць хочацца яму палякаў.

— Можа і хочацца, ці яго ўгадаеш. А ці хутка вячэра, Рыгор?

— А ўжо хутка.

— Добра, а то я есці захацеў, дый таварыш, відаць, прагаладаўся. Ты-ж, мусі быць, і не палуднаваў зусім?

— Што-ні-што еў, дзякую, у мяне ў мяшку харчы.

— Такія там, мусіць, харчы, што я і не бачыў, калі ты іх еў.

Мікода разуўся і мокрыя лапці ўскінуў на печ, а на ногі надзеў старыя, палапленыя боты.

Сын прынёс у хату і паставіў на стол міску з агуркамі. Мікода зараз-жа падняўся з лаўкі, адсунуў ад лаўкі трошкі стол і, паказваючы Мілоўскаму на кут, запрапанаваў лезці за стол.

Сярод стала стаяла вялікая гліняная міска з агуркамі, а побач з ёй другая міска з бульбай.

— Еж, таварыш, харчы ў мяне не вельмі, так вось перабіваюся патроху, то з агуркоў на капусту, то з капусты на агуркі.

— Нічога, добра.

— Ды яно нічога, я дужа люблю агуркі з бульбаю, асабліва расол. Так гэта насёрбаешся і сыт.

На комінку пачала абтухаць дагарэўшая лучына. У хаце ўраз пацямнела, па хаце замітусіліся цені. Тады ад стала пайшоў Рыгор і паклаў на комінак смалякоў.

— А як-жа ты нас спаць укладзеш? — запытаў гаспадар. — Куды каго?

— А куды хто хоча.

— Я на лаўцы магу пераспаць, — Мілоўскі скасіў вочы, пазіраючы на шырокую, у поўаршына, лаўку.

— На лаўцы халодна будзе і мулка.

— А са мной на палаці палезем, — запрапанаваў Рыгор.

— Там-то цяплей будзе.

— Ну, і добра, палезем.