Каля стала моўчкі стаяў старшыня Шапятоўскага сельсовета. Ён чакаў, пакуль Лёйка скончыць свае падлікі. Калі ўвайшоў у пакой Мілоўскі, ён азірнуўся на дзверы.
— І ты, таварыш, сюды? Можа з горада?
— З горада. А вы з Шапятоўскага совета?
Селянін здзіўлена глянуў Мілоўскаму ў твар, падумаў ці не знаёмы які, што ведае адкуль ён і, не пазнаўшы, здзіўлена развінуў рукі.
— Ты не дзівіся, дзядзька, усёроўна не пазнаеш.
— А чаму ты ведаеш, што я з Шапятоўскага?
— Старшыня сказаў, раіць мне ў ваш сельсавет паехаць.
— Ааа? Ну, тады так, а то я падумаў: адкуль чалавек мяне ведае, а я яго як-бы нідзе і не сустракаў ніколі.
— Гэта бывае. Часам здорава памыліцца можна, — падняў галаву ад картак Лёйка.
Лёйка высокі. На галаве ў яго рыжыя, трошку кучаравыя валасы. Пад імі, шчыльна прытуленыя да галавы, не ў меру неяк малыя вушы. Вялікі вуціны нос. На левым воку, на павеку пад брывом, бародаўка. Бародаўку Мілоўскі заўважыў, як Лёйка падняў на яго вочы. Пазіраючы на Мілоўскага, Лёйка замжурваў правае вока.
— З горада, таварыш? Па хлеб?
— Вось пацеры. Старшыня на дырэктыве рэзалюцыю паклаў, каб зараз-жа па-аднаму чалавеку ў сельсовет накіраваць, каб і хлеб, і дровы ўсё разам каб зрабілі.
— Разам то гэта цяжкавата, але раз трэба, дык трэба. Колькі там на нас? Адна тысяча трыста семдзесят пудоў? баюся, што, калі дасі цяпер, дык да вясны з’ядуць яго, таварыш Жук?
— Я наконт аўса, як нам яго раздаваць, ці цяпер, ці тады, як сеяць трэба будзе? Людзі цяпер просяць, але я баюся, што, калі дасі цяпер, дык да вясны яны з’ядуць яго.
— А гэта які авёс? — запытаў Мілоўскі.
— Насенне для беднаты, у каторых няма.
— Лепш патрымаць тады да самай сяўбы.
— І я так меркаваў, але-ж яны лезуць, цярэбяць камбед той: дай ды дай, баяцца нечага, думаюць, што прападзе, калі не аддадуць ім цяпер.
— І я думаю, няхай пакуль што не аддаюць, — згадзіўся Лёйка.
— Ну, добра, толькі ты паперку напішы камбеду, хоць будзе што паказаць, а то-ж не вераць, думаюць, сам свае парадкі нехта ўстанаўляе. А ты да нас-такі паедзеш? — Жук звярнуўся да Мілоўскага. — Калі да нас, я пачакаў-бы.