Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

трубкі цёмна-сіняй, абсыпанай залочанымі кроплямі, тканіны. Так прыходзіць ноч. Конь упоцемку палахліва натапырвае вушы, уздымаючы галаву, паглядае па баках і бяжыць рыссю. Пад капытамі ў каня хрупае сухі, умёрзлы снег і шуршыць, паскрыпваючы, пад палазамі саней. Мілоўскі дрэмае. Час ад часу ён, калі сані тузаюцца ўбок куды, раскрывае вочы і тады бачыць наперадзе скурчаную спакойную постаць гаспадара і мітуслівую, яна рытмічна гойдаецца ледзь-ледзь у бакі пад дугой, конскую. Пасля раптам робіцца халадней. Мілоўскі раскрывае вочы і бачыць, што лесу болей няма, дарога ідзе сярод поля, і ў баку бачыць нясмелыя цмяныя аганькі ў хатах бліжэйшай вёскі. Яны ў чорнай прасторы, паміж цёмнашэрай зямлёй, што перад вачыма і зорным небам, і з гэтай прасторы то правальваюцца ў бездань за зямлю, то выныраюць з-за яе і ўздымаюцца ўгору да міглівых зор.

Позна ноччу прыехалі ў мястэчка ў заезджы дом, а раніцою назаўтра Мілоўскі пайшоў у выканком.

На валасным дварэ стаяла ўжо некалькі сялянскіх фурманак. Папрывязваныя да плоту коні елі сена, а сяляне блукалі па шматлікіх пакоях выканкома. Мілоўскі зайшоў да старшыні. Спыніўшыся перад старшынёвым сталом, ён дастаў з партмане мандат.

— Я прыехаў на цэлы мёсяц, у дапамогу вам. Прывёз і такія-сякія дырэктывы з павета. Вось — дастаў яшчэ і паклаў на стол незапячатаны пакет.

— Гэта добра, — сказаў старшыня, — калі так, дык зайдзі да продкамісара нашага і згаварыся з ім. Я напішу рэзалюцыю, каб ён прымацаваў да ўсіх сельсоветаў па чалавеку. А сам ты як, у адным сельсовеце будзеш, ці і па другіх праедзешся?

— А пагляджу, як справа пойдзе. Калі ўпраўлюся са сваім, дык і ў іншыя зазірну тады.

— Добра. Валяй да Лёйкі. А сам можа паехаў-бы ты ў Шапятоўскі совет, а? Гэта ў нас цяжкаваты совет. Вось толькі што ў мяне старшыня быў, ён таксама да Лёйкі пайшоў.

— Гэта з чорнай барадой такі? Я спаткаў яго ў калідоры.

— Ага. Ты з ім і паехаў-бы адразу.

— Дык я і паеду. А Лёўка дзе? У якім пакоі?

— А ў канец туды, — старшыня паказаў рукою на дзверы. — Проста па калідоры.

Лёйка сядзеў каля шырокага стала і нешта падлічваў, выпісваючы з картак лічбы на шырокі белы аркуш паперы.