каў-антонавак, якія купіў на рынку, і ў мяшку-ж быў і томік з поўнага збору твораў Віктара Гюго «Дзевяноста трэці год» і пара запісных кніжак. Можна было ісці.
— Я паехаў, — крыкнуў ён у адчыненыя дзверы ў пакой гаспадароў.
З пакоя нешта адказалі, але ён адказу не чуў, пайшоў на вуліцу, адкуль накіраваўся на рынак да сялянскіх фурманак. Там ён хутка напаткаў селяніна з Пагулянскай воласці і згаварыўся з ім ехаць.
А яшчэ цераз колькі мінут яны паехалі. Селянін стаў у санях на коленкі ў саломе і пагнаў каня, а пасля азірнуўся на Мілоўскага і параіў:
— Саломы больш пад сябе падгарні, не саромся.
— Дзякую. — Мілоўскі прыўзняўся, падгроб пад сябе салому і, скурчыўшыся, прымасціўся ў развалах.
Як змерклася, уехалі ў лес. Высокія хвоі густа стаяць абапал дарогі, і дарога падобна на высокі шацёр, а нізенькі конь у ім супроць дрэў здаецца яшчэ меншым. Конь, не спыняючыся, бяжыць увесь час рыссю, і, калі трапляе па дарозе лужынка, Мілоўскі чуе, як трашчыць пад нагамі ў каня лёд. Па гэтаму ён дагадваецца, што нанач узяўся мароз, і зразу-ж адчувае, што пачынаюць настываць ногі. Ён варочаецца ў санях, падкурчвае ногі яшчэ больш пад сябе.
— Ты саломы нагарні, ды ў салому іх, — раіць селянін і сам таксама мосціцца, каб было ямчэй сядзець. За дарогу многае перагаворана, і цяпер абодва яны маўчаць, думаючы кожны пра сваё. Селянін сядзіць бокам да каня, час ад часу шморгае лейцамі і прычмоквае губамі, падганяючы каня, пасля паціху, так што Мілоўскі зусім не можа разабраць слоў, спявае. У лесе яшчэ багата снегу, але на дрэвах ні адной сняжыны ўжо няма, і хвоі, калі ўлядзець на іх знізу ўгару, зусім па-веснавому зялёныя. Гэта адтаго, што пачынае змяркацца. Змрокі падпаўзаюць да дарогі з абоіх бакоў, з лесавых яраў, з-за густых кустоў ялінцу і з-за густа разгорнутых, вывернутых з зямлёй карэнняў старых ёлак, паваленых навальніцай. Яны паўзуць адтуль, нагортваюцца каля тоўстых ствалоў гонкіх хвой і па ствалах, чапляючыся за сухія, кароткія сукі ўнізе, лезуць угору і там расплываюцца ў цёмна-зялёным моры густога галля. І калі часам мільгане, адкрыўшыся над дарогай, кавалак далёкага неба, Мілоўскі бачыць, як, ледзь прыкметныя, пачынаюць мігаць адтуль на зямлю першыя зоры. З кожным разам іх больш і больш, і неба робіцца ўсё цямней, падобна, ште нехта разгортвае над зямлёю, насцілаючы столку за столкай,