У гэтым месцы прамова прафесара набыла яшчэ большую патэтычнасць.
— Перад намі суровае запытанне века: як мы, руская інтэлігенцыя, павінны паставіцца да вялікай трагедыі, што адбываецца на Балканах? Ці можам мы, ці маем мы маральнае права, мы, рускія, якія так багата зрабілі, каб забяспечыць мір і шчасце адзінакроўных з намі народаў на Дунаі, ці маем мы права быць спакойнымі сузіральнікамі канчатковай, быць можа, барацьбы прыгнечаных балканскіх народаў з чужаземнымі ўладарамі? Ці можа нічога ўжо не гаворыць нашаму сэрцу ўсведамленне братэрства па крыві і па веры і памяць аб тым, што зроблена нашымі продкамі для вызвалення румын, славян і грэкаў з-пад турэцкага векавога прыгнёту?.. Дзеля самазахавання і свайго спакою мы не маем права, — прафесар не гаварыў, а крычаў, падаўшыся ўсёй сваёй постаццю ў прастору паміж трыбунаю і сталом, — маўчаць і бяздзейнічаць, бачачы пагалоўнае знішчэнне мужчын, жанчын і дзяцей аднае з намі веры, бачачы насмяянне над іхнымі трупамі. Свет павінен ведаць, што шматмільённае рускае сэрца б’ецца суладна з сэрцамі тых, хто геройскі, адважна ірве ланцугі векавога турэцкага прыгнёту. У сваім геройскім святым змаганні за сваю незалежнасць нашы браты, памятаючы вялікую місію Расіі, глядзяць і сёння на нас з вялікай надзеяй…
Калі прафесар скончыў прамову, па зале пракацілася і хваля воплескаў і хваля кароткіх адрывістых гаворак. Прафесар пакланіўся, ледзь схінуўшы ў бок да аўдыторыі галаву, адышоў ад трыбуны і сеў. Пасля падняўся, каб наліць сабе вады, а напіўшыся, адкінуўся плячыма да крэсла і доўга, не спяшаючыся, выціраў насоўкай успацелы квадратовы свой твар.
Зала голасна і ўзрушана гаманіла. У гомане падняўся з-за стала, з-за цёмнасіняга аксаміту, прафесар, які кіраваў лекцыяй, і абвясціў перапынак. Пасля перапынку зала зноў напоўнілася.
Буднік ішоў спакойна, і так, праведзены ўважлівымі поглядамі ўсяе залы, прайшоў да самай трыбуны.
Як і раней прафесар, Буднік, злёгку пакланіўшыся, стаў шчыльна да трыбуны і левую руку паклаў на мяккі цёмнасіні аксаміт стала. Пасля шырокай далонню рукі адкінуў угару з ілба непаслухмяныя валасы і, як і прафесар, лёганька кашлянуў і кінуў з трыбуны ў залу лаканічнае і звычайнае: «панове», якое прагучэла ў поўнай цішыні.
— Прафесар Пілацееў, — гаварыў Буднік, — з’яўляецца