Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Ты штыхом? — Чырвонагвардзеец схіліўся тварам да дзеда і раптам адхінуўся, заліўшыся рогатам. — Дзедка, ды завошта-ж ты мяне штыхом пароць будзеш? Хоць-бы на яе жывую зірнуў, а з-за такой смерці прымаць не буду, не буду, дзедка.

Пастаяўшы каля брамы, Галынскі пайшоў у двор да ганка. Калі спыніўся на ганку пазваніць, той-жа голас, звяртаючыся, відаць, да дзеда, запытаў.

— А гэта што за буржуй? Не твой гаспадар?

Галынскі пачырванеў, шмаргануў нервова званок. Тады з саду ад будкі пабег да яго дзед.

— Не сюдэй, не сюдэй, з двара цяпер ход да нас, — сказаў ён, здалёк яшчэ прыўзняўшы шапку. — Пані ад страху захварэла зусім. Прышлі, дом заняць хочуць… Што-ж гэта робіцца? Ні закону табе, ні парадку ніякага… Насміхаюцца…

Пілацеева сядзела ў крэсле. Калі зайшоў Галынскі, яна паднялася насустрач і пайшла да яго, выціраючы насоўкай вочы.

— Міхаіл Палікарпавіч! Родны, пасабіце! Як у турме я тут. Я не ведаю, чаго яны ад мяне хочуць. Ну, забралі зямлю, забралі дом у маёнтку, дабро забралі ўсё. Няхай бяруць, няхай прападае ўсё, але гэты дом… Феакціст піша, што ён хадайнічае, просіць мяне пачакаць, пакуль прышле нейкія паперы. Але яны-ж не хочуць чакаць. Ім, бачыце, спатрэбіўся мой дом для штаба! Божа мой! божа мой! Дзе знайсці праўду? Пасабіце, Міхаіл Палікарпавіч, схадзіце вы да іх, родненькі…

Разгублены стаяў Галынскі сярод пакоя, не ведаючы, што зрабіць.

— Вера Пятроўна, супакойцеся, — сказаў ён. — Добра, я зараз-жа схаджу ў рэўком, я пагавару…

— Схадзіце! — Пілацеева абрадавана схапіла рукі Галынскага. — Схадзіце, родны мой, пагаварыце з імі, папрасіце.

Цераз хвілін дваццаць пяць Галынскі быў каля памяшкання рэўкома. Гэта быў двухпавярховы, дом вядомага купца-лесапрамыслоўца. Стаяў ён перад гарадскім пляцам, насупроць сабора. Перад домам пляц быў заняты сялянскімі фурманкамі. Перад самым пад’ездам каля рэўкома стаялі шырокія сані-развалы. Каля саней чырвонагвардзеец. Ён курыў. Галынскага ён правёў уважлівым поглядам і таму ад гэтага погляду стала няёмка, бо і ў ім угадаў ён тое-ж,