Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Хоча паехаць за мяжу…

— А сын? Ён усё яшчэ ў войску?

— Не ведаю. Пэўне там яшчэ…

— Ну, спі, я пайду…

А назаўтра пасля снедання Галынскі пайшоў наведаць Пілацееву. Жыла Пілацеева ў сваім уласным доме, які мела ў гэтым горадзе. Гэта быў прыгожы аднапавярховы будынак, пастаўлены ў глыбіні двара, у садзе, наводдаль ад вуліцы. Раней Пілацеевы наязджалі сюды толькі час ад часу, на некалькі дзён, а ўвесь час у доме жыла маці Пілацеевай, якая і даглядала за домам. Пілацееў пабудаваў гэты дом адразу-ж пасля свайго вяселля ў падарунак жонцы. Тады-ж ён заказаў аднаму скульптару работу і цераз нейкі час белая, высечаная з мармуру, постаць жонкі на ўвесь яе рост стаяла ў садзе насупроць вокан дома.

У дзень, калі не было дажджу, яна стаяла адкрытая, а нанач дворнік насоўваў на яе спецыяльна зробленую для гэтага вузкую, высокую будку. Каля гэтай будкі, як падышоў. Галынскі да дома Пілацеевых, і сабраліся купкай чырвонагвардзейцы. Каля самай будкі, прытуліўшыся да таго яе боку, які расчыняўся, стаяў стары барадаты дворнік і, растапырыўшы рукі, бараніў будку ад чырвонагвардзейцаў, якія хацелі зірнуць, што ў ёй.

— Дзед, а дзед — прасіў чырвонагвардзеец, — адчыні будку, дай зірнуць на паненку.

— Адыйдзіце! Не дам адчыняць! — крычаў, злуючы, дворнік. Няма чаго здзекавацца!

— Ды якія-ж тут здзекі, дзед? Мы толькі зірнуць на яе хочам.

— Ці прыгожая, ці ладная.

— Не дам, няма чаго насміхацца! — Дзед адной рукой трымаў дзверы, а другой нешта шукаў у глыбокай кішэні свайго моднага парыжэлага паліто. Знайшоўшы, хуценька павярнуўся тварам да будкі і дрыжачымі рукамі начапіў на дзверы замок. — Ну, пайшлі, пайшлі, — закрычаў на чырвонагвардзейцаў. — Няма чаго стаяць тут, замок вунь павесіў, замка не кранеце.

— А мы замочак штыхом, вось так, ён і пстрыкне. — Малады чырвонагвардзеец, які ўвесь час вёў з дзедам гутарку, паказаў, як можна штыхом падчапіць замок, каб яго адарваць.

— Толькі крані! — Дзед стаў на растапыраных нагах і зноў адхінуўся плячыма да будкі. — Я цябе самога тады штыхом…