Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Прафесар доўга, разважліва і пераканаўча, як здавалася яму, гаварыў пра інтрыгі нямецкіх і аўстрыйскіх палітыкаў на Балканскім поўвостраве, дзякуючы якім нават палітыка руская ў адносінах да балканскага пытання праводзілася па ўказцы нямецкай дыпламатыі.

— Але, — прафесар адышоў ад трыбуны — ім не рэалізаваць сваіх планаў. Заслугай рускай грамадскай думкі было тое, што аўстрыйскі план, які пагражаў фактычна поўным эканамічным, а пасля і палітычным заваяванням Балканскага поўвострава, быў раскрыты. Настроі рускага грамадства перадаліся нашай дыпламатыі, якая зразумела, што Аўстрыя мяркуе стварыць нешта накшталт балканскай федэрацыі пад гегемоніяй Аўстра-Венгрыі. Тады, — прафесар адкашляўся і выпіў вады, — і ўзнікла ў Дзяржаўнай думе ідэя, якая супроцьстаўлялася аўстрыйскаму плану, ідэя чыгункі, якая злучала-б Адрыятычнае мора з Дунаем. З той-жа пары пачынаецца і фактычнае ажыццяўленне ідэі пра аб’яднанне балканскіх дзяржаў…

Прафесар гаварыў, часта спасылаючыся на свае выказванні па гэтаму-ж пытанню, якія ён рабіў праз газеты і часопісы. Пры гэтым ён часта і самаздаволена, па-асабліваму падкрэсліваючы гэтыя свае словы, паўтараў: «яшчэ ў тую пару мы прадбачылі», «яшчэ тады мы гаварылі». А калі загаварыў прафесар пра балканскую вайну, зала пачала слухаць з больш напружанай увагай і ўзрушанасцю. Адчуваючы гэтую ўзрушанасць і ўвагу, прафесар пачаў гаварыць больш патэтычна. Узрушанасць аўдыторыі перадалася і яму. Ён цяпер часцей пераходзіў з месца на месца і правая яго рука ўсё часцей уздымалася ў паветра.

— … 3 усіх народаў Еўропы народы Балканскага поўвострава, якія ў гэты час паспяхова вядуць барацьбу з Турцыяй за сваё вызваленне, з’яўляюцца найлепшымі нашымі саюзнікамі.

— Адзінства крыві, — прафесар гаварыў, раз-за-разам рассякаючы рукой паветра, — крэўнасць моў, адзінства веры і векавая абарона намі, рускімі, іхных інтарэсаў, нарадзілі вялікі і святы саюз славянскіх народаў, які будзе ўзмацняцца ў блізкай і ў далёкай будучыні. Вось чаму мы, рускія, так спакойна глядзім на тое, што Турцыя шукае сабе саюзнікаў супроць Расіі. Але самым жыццёвым пытаннем ва блізкім Усходзе для нас, для Расіі, з’яўляецца пытанне вольнай дарогі для нашых караблёў. І з гэтай прычыны мы ўсё-ж не можам, мы не маем права аднесціся абыякава да пытання, хто-ж будзе гаспадаром на Балканах?