Дэлегаты спыніліся і змоўклі. Тады той-жа голас ужо ўсур’ёз запрапанаваў:
— А давайце, таварышы, пройдзем па горадзе строем, ды з песнямі. Нябось багата яшчэ ў горадзе буржуяў розных сядзіць, пазашываўшыся па кутках, дык няхай чуюць… Мы не спім, мы іх, калі захочацца ім вылезці, хутка на зуб возьмем…
— Ну, от выдумаў, — запярэчыў быў нейчы голас, але яго заглушылі другія.
— Чаго там выдумаў!..
— Правільна!
— Стройся!
— Прынімай улева!
А пасля над усімі голас першага, які запрапанаваў ісці строем.
— Батальён, у дзве шарэнгі стройся!.. Раўняйсь!.. Батальён, смірна!.. Рады ўздвой!.. На пра-а-гоп!.. Па-чатыры ў шарэнзе, батальён, шагам арш!.. Аць, два! аць, два!.. Аць, два!..
Мерна гойдаючыся ў радах, ахутаных цемрай і мяцеліцай, ішлі па вуліцы дэлегаты з’езда. Горад яшчэ не спаў. Яшчэ свяцілася святло з дамоў і з-за фіранак, павешаных на вокны, і цераз шчыліны ў акяніцах. Паміж дамамі кружыўся, уздымаючы завіруху, вецер. Вецер злосна кідаўся на сцены дамоў, бразгаючы акяніцамі і паржавелымі за вайну старымі шыльдамі. Вецер гнаў перад сабою мяцельныя белыя табуны, уцякаючы ў далёкі канец галоўнай вуліцы, туды, дзе матляецца на ветры адзінокі цмяны ліхтар. А за ветрам па вуліцы ішлі радамі людзі, і за імі доўгі час рушыла цішыня. Цішыню парушалі толькі посвісты мяцельнага ветру, ды прыглушаны, мяккі ў снезе, роўны тупат соцень ног. А ў цішыні нарадзіўся і, падняўшыся над строем, паплыў голас песні, якая прышла на вусны запявалу сама сабой і якая, як ні адна іншая ў гэты момант, паглынула ў сабе настрой людзей, што ішлі ў страі.
|
„Вихри враждебные воют над нами, |
Людзям было прасторна ў вузкай гарадской вуліцы. У людзей жылі думы пра зямаю, пра свабоду і пра сілы, якія збіраюцца дзесьці за заснежанымі прасторамі, каб адабраць і зямлю, і свабоду ў іх. Людзі ішлі з цвёрдым намерам не аддаць нікому ні зямлі, ні свабоды, былі ўпэўнены, што нікому не аддадуць іх і, як ніколі, адчувалі сваю