Чалавек, якога салдат назваў таварышом Андрэем, прайшоў на сцэну і, клікнуўшы ад стала яшчэ двух вайсковых, адышоў з імі крыху ў бок. Там нешта сказаў ім і зараз-жа паказаў нейкую паперку. Вайскоўцы прачытай паперку і разам са старшынёй рэўкома пайшлі са сцэны за кулісы. Цераз момант адзін з іх вярнуўся і адазваў ад стала яшчэ чатырох чалавек у штацкім і іх таксама павёў за кулісы. Зацікавіўшыся тым, што робіцца на сцэне, салдат, які гутарыў з Тарэнтам, падаў яму на развітанне руку і сам пайшоў на сцэну. Паседжанне з’езда не пачыналася, і па зале перакатваліся ціхімі хвалямі гаворкі. Зала глядзела на старшыню, які кіраваў паседжаннем, і чакала, што ён скажа, а ён маўчаў, трымаючы ў руках званок, ды раз-по-раз аглядаўся назад за сцэну. Па таму, як нерваваўся старшыня, паглядаючы за сцэну, зала пачала адгадваць, што ёсць нейкая нечаканая навіна і яшчэ больш прыціхла. Поўная-ж цішыня ўсталявалася ў зале, калі з-за сцэны прышоў з другімі старшыня рэўкома і, не сядаючы на месца, аб нечым загаварыў да членаў прэзідыума. Гаварыў ён ціха, так што з залы не было чуваць ніводнага слова і члены прэзідыума слухалі яго, скучыўшыся, схіліўшыся галовамі да яго. Пагаварыўшы, ён разгарнуў у руцэ спісаную чарнілам паперку і паціху прачытаў яе. Як скончыў чытаць, дэлегаты, члены прэзідыўма, заківалі, у знак згоды з напісаным, галавою, а тады селі на свае месцы і зашапталіся. Калі сеў і той, каго ведаў цяпер Тарэнта, як таварыша Андрэя, з-за стала падняўся старшыня з’езда і даў слова аднаму з дэлегатаў для зачытання рэзалюцыі па дакладу аб бягучым моманце. Дэлегат падняўся, расплікнуў кажух і, не спяшаючыся, пачаў чытаць рэзалюцыю.
… «Кастрычніцкай рэволюцыяй, — чытаў ён, — нізрынуты Часовы ўрад, урад нашых векавых прыгнятальнікаў, капіталістаў і абшарнікаў, якім патурала кучка згоднікаў. Восем месяцаў гэтая кампанія, прадаючы справу рэволюцыі, вяла братазабойную вайну і гнала на ўбой, пад пагрозай смяротнай кары, дзесяткі тысяч салдат і рабочых. Бурнымі струменямі лілася братэрская кроў. У праклятай бойні знішчаўся цвет працоўнага народу. Усё маладое і здаровае чалавецтва аддавала свае жыцці, паліваючы крывёю, усцілаючы касцямі зямлю, у інтарэсах векавых прыгнятальнікаў, абшарнікаў і фабрыкантаў усяго свету. Працоўны народ, які вынес шматвяковае рабства царскай сваволі, працоўны народ, які больш трох гадоў пераносіў усе жудасці крывавай вайны, працоўны народ, які падняў штандар Лютаўскай рэволюцыі і скінуў ненавісны, згніўшы царызм, запла-