назад Тарэнта і Мікода, а настаўнік разгублена адышоў у бок, і яна пайшла на Сузона, рукой, схапіла яго за гімнасцёрку на плячы адрэзанай рукі, хацела так павярнуць яго з веранды. І ўжо ўсе чакалі, што Сузон пойдзе ўніз, і ўжо настаўнік, баючыся, што абшарніца і яго возьме так за плячо, бокам падаўся ўніз, як адбылося нешта нечаканае. Сузон, як схапіла яго абшарніца за плячо, зразу разгубіўся быў, але калі шмарганула яна за рукаў і кранула пальцамі, уразіла нядаўна загоеную рану, раптам уздрыгануў увесь, збялеў і зразмаху сваёй адкінуў яе руку ў бок.
— Ты мяне не чапай! Рукамі не тузайся!.. Сука старая!..
У Сузона ў момант твар укрыўся кроплямі поту, шчокі пачалі падрыгваць.
Зірнуўшы ў твар яму, Пілацеіха падалася назад, ускрыкнула, як назваў яе сукой, і, уцякаючы ў пакоі, істэрычным голасам пачала крычаць, пагражаючы законамі. За ёй у пакоі падаўся і аканом. Цераз нейкі час ён вышаў адтуль, моўчкі прайшоў каля мужчын і загадаў фурману запрагаць коней. Хвілін цераз пятнаццаць Пілацеіха, хаваючы ў поглядзе пагрозу, прайшла да фаэтона, села і паехала з двара.
Пакуль адбывалася ўсё гэта, мужчыны маўчалі. Сузон стаяў сярод купкі мужчын і ўсхвалявана гаварыў, што яму ўжо надакучыла цярпець, што ён нічога не баіцца, хоць-бы і катаргі, што калі-б яшчэ Пілацеіха кранула, ён штурхануў-бы яе так, што аж паляцела-б. А камітэтчыкі раіліся, што зрабіць. Да іхнай гаворкі, крыху збянтэжаныя ўсім, што ўбачылі, прыслухоўваліся сяляне. Было сярод сялян і некалькі жанчын, тыя, у каго забралі мужчын на вайну. Самай бойкай сярод жанчын была ўдава Вера Заньковіч. Маладая, моцная, заўжды вясёлая, была яна сярод жанчын самай знатнай. І хоць, сабраўшыся дзе-небудзь пры лучыне, любілі бабы шапятоўскія пасакатаць пра Веру, пашаптацца пра тое, як яна на каго з хлапцоў зірнула, нават паганіць яе за тое, што вось яна дзе ні пойдзе, дык усюды ёй нешта весела, усё-ж любілі яе, любілі і за весялосць і за тое, што нікому і нідзе яна не пераступіць свайго. І цяпер, адчуваючы сябе роўнай сярод мужчын, яна першая падала параду камітэтчыкам, што рабіць.
— Хай сабе і едзе, думае, што нехта збаіцца яе. А вы бярыце там паперы якія, калі трэба, і мерайце зямлю, а няма папер, без іх. Усёроўна-ж пасадзяць вас, — усміхнулася яна, дражнячы, — нікуды-ж вы не падзенецеся.
— Ды яно і праўда, скажам аканому, каб пайшоў з намі, і будзем адбіваць участкі кожнаму па парадку.