поля троху ёсць, і нізіна ёсць. Заняты гэтымі меркаваннямі, ён маўчыць. Слухае, як мякка ступаюць ногі па жытнішчы — «Як пух, мяккая, — думае ён, — вырабілі людзі, сваю так не выраблялі». — Нагнуўся і рукой падняў з пожні камяк зямлі. Зямля сухая. Пальцамі расцёр яе і са жмені сыпануў па пожні, пасеяў. І з гэтым парашыў, што зямлю сабе возьме абавязкова каля рэчкі. Ён прыпомніў, як часта даводзілася быць каля рэчкі на паплавах. Улетку там жоўцень красак і густы сакавіты мурожны насціл. Як зморышся, пад сонцам косячы, хочацца тады ўпасці на густую мураву, схіліцца над самай вадой рэчкі і ліць яе губамі проста з ракі, піць доўга, аж пакуль не прагоніш дакучлівай смагі. А напіўшыся, легчы ў мураве тварам да зямлі і хоць некалькі хвілін ляжаць, раскінуўшы рукі, ляжаць так, каб увесь твар быў у травяной мякаці, каб дыхаць даўкімі пахамі чорнай ліпкай зямлі і каб вочы бачылі зусім зблізку, як сплялося ў зямлі травяное карэнне. Паляжаць так і тады перавярнуцца і легчы тварам дагары, каб над галавой была сінь нябёс, ды лахматыя атрускі белых далёкіх хмар.
— Трава ці расліна, скажам, каранямі, а чалавек і рукамі і зубамі за зямлю трымаецца, — гаворыць ён уголас, але ні да каго не звяртаючыся, і ідзе полем, мераючы яго шырокімі крокамі. — Усё з зямлі жыве. Усё за яе трымаецца і лішні ты чалавек на зямлі, калі не маеш свайго ўласнага месца на ёй, ці калі, скажам, цесна табе на такой вялікай планідзе, калі вузак твой шнур на ёй. Зямля таго любіць, хто цвёрда на ёй стаіць, хто шырокім крокам мерае на ёй сваю часціну… А тут столькі людзей без зямлі сядзелі, голадам душыліся…
Непрыкметна падышлі да панскага двара. У дварэ пачалі збірацца парабкі. Нехта папярэдзіў і аканома, што ідуць людзі, а ён адразу-ж папярэдзіў і паню. Таму, калі прышлі камітэтчыкі ў двор, пані з аканомам стаяла на верандзе, падрыхтаваная да нечаканай сустрэчы. На прывітанне камітэтчыкам яна адказала, ледзь кіўнуўшы галавою, трымаючыся з гонарам, які вынесла з пакояў.
— Мы па справе прышлі, — загаварыў з ёю Шкробат, — цэлым камітэтам. Ён узяў ад Івана Пятровіча паперу і паказаў ёй. — Пакуль пані чытала напісанае на папёры, нічога яшчэ не разумеючы, толькі смутна ўгадваючы ва ўсім гэтым нешта нядобрае для сябе, Шкробат маўчаў. Загаварыў зноў, як яна аддала назад паперу. — Справа наша аб зямлі. Зямлю мы, пані, ад цябе забярэм…
За плячыма ў абшарніцы стаяў, трымаючы ў руцэ шапку, аканом. Ён пахвілінна выціраў насоўкай лоб і па-