браць? — запытаў салдат. — Ды ці ты гэтага не чытаў? З вясны-ж яшчэ, здаецца, на сцяне вісела, мог-бы і прачытаць.
— Я таго не ведаю, дзе яна вісела, а ты яшчэ раз прачытай, дай разабрацца ў тым, што напісана.
— Разабрацца ў гэтым — лёгка разбярэшся, калі галаву маеш, — сказаў салдат і падняўся з-за стала, трымаючы ў руцэ паперку. Вясной пачалі дзе-ні-дзе мужычкі панскую зямлю браць, засяваць. Думалі, раз рэволюцыя, раз цара скінулі, дык зямля і іхная…
— А чыя-ж зямля?
— Ну, вось і ён, аказваецца, акурат гэтак-жа думае.
— А ты не жартуй! Ты хто такі будзеш?
— Хто я, гэта, зямляк, справа не такая важная. Важна, што міністр Шынгароў мужычкоў такіх да парадку заклікае, абяцаючы ўсё па закону зрабіць. Ну, а гэта вядомая рэч…
У Тарэнты ад цеснаты і ад напружання на ілбе выступіў пот. Ён зняў з галавы шапку і шапкай выцер лоб, — Ты скажы, як-жа з зямлёй, раз ён закон абяцае, а браць не можна. Які-ж тады закон?..
— А вось які закон: цара скінулі, а паны ды падпанкі розныя засталіся. Дык што-ж ты думаеш, што яны табе самі, ды яшчэ па закону зямлю аддадуць? Ім абманіць мужыка пакуль што трэба, вось і цягнуць ды абяцанкамі яго кормяць. Маўляў, сам не бяры, мы вось камеру ўтворым, а вы там тады ўжо з панамі і згаворыцеся, ці вас згавораць, якую зямлю вам пан у арэнду здасць, ды за якую цану здасць.
— Як гэта ў арэнду? — думка працавала напружана і шпарка, стараючыся ўлавіць сэнс у тым, што гаворыць салдат. Гэта трэба было зрабіць як мага хутчэй, бо адчуваў Тарэнта, як з незвычайнай шпаркасцю разбураюцца планы, якімі жыў ён гэныя месяцы пасля рэволюцыі, як знікаюць надзеі, вынашаныя ў адзіноце, правераныя ў гутарках і спрэчках са сваімі аднадумцамі. Усё было зусім прастым, выразным. Ён і думкі не дапускаў, што з зямлёй можа быць неяк інакш, не так, як гэта ўяўляў сам ён. — Ты пачакай, — папрасіў ён салдата. — Пра якую-ж арэнду ты гаворыш? Якая-ж арэнда, раз зямлю народу перадаць павінны?
— У вас пан ёсць? — запытаў салдат замест адказу.
— Ёсць. Пілацееў у нас.
— Зямлі ў яго сколькі?
— Удоб’я тысячы чатыры, ды балотнай…
— А ў вас ува ўсіх сколькі?