Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

туды сваіх коней і іншыя. І цяпер, калі ў зараснік прышоў Тарэнта, тут пасвіўся не адзін яго конь. Але з усіх коней пазнаў ён толькі гнядую мікодаву кабылу і старога сапуновага чорнага каня. Конь смутным стаяў каля куста і доўга заблытваючы ў галлі няроўную сваю рэдкую трыву, цёрся шыяй аб куст. Цёрся злосна, настойліва і ад злосці, што гнецца куст, тупаў патрэсканымі капытамі. Тарэнта пастаяў і адагнаў каня ад куста. Той праскакаў некалькі крокаў і спыніўся каля маладых ялін і зноў, выцягнуўшы голаў, пачаў церціся шыяй. Непадалёк ён напаткаў яшчэ коней. Было іх двое: высокія, худыя, з аблезлымі шыямі, з рэдкім валоссем на хвастах. Такіх можна бачыць у войску. Калі яны падаюць, калі робяцца здольнымі толькі на тое, каб хоць насіць худое сваё цета, іх збываюць сялянству, беручы за іх добрых, моцных коней. Так, пэўне, папалі яны і да шапятоўцаў. Ад коней Тарэнта пайшоў у поле. На колішняй мяжы, дзе была яшчэ іхная бацькава паласа, расла груша-дзічка. Расла яна над самым ярам на ўзгорку і шырокім шатром раскінула над узгоркам калючае сваё вецце. Вецце шуміць лісцем ад ветру, які плыве па-над полем. У полі стаяць на ўзгорках, раскіданыя адзінкамі, хутарскія будынкі. На многіх няма стрэх. Вакол іх шэрая пустэча поля, кінутага пад аблог, і лапікі жыта, што выспявае, і зялёныя лапікі ярыны.

Над полем носіцца восеньскі вецер і аплывае ўдол за полем, дзе глухой сцяной стаіць балотны хвойнік. Хвойнік на балоце расце на купінах. Ён там куртаты, нізкі і напалову сухі. Не паспеўшы ўзрасці, ён падсыхае ў галлі, гніе ў карэнні і ападае ў мох, які засмоктвае яго на самае сваё дно. Мох на балоце тусты, спорны. Ён вырастае хутка і разрастаецца шырока. Выростваючы, паўзе з балота на шапятоўскія сенажаці, густа аплятаючы прыбалотны край іхны бурым сваім кажухом, а мятлюжкі, пажарніца ды асака пачынаюць адыходзіць далей у глыб сенажацей, назаўжды пакідаючы, свае ранейшае месца імхам, хвашчу і бабкам.

Ранняй вясной стаіць балота непрыступнай зялёнай цытадэллю над нерухомымі вадзянымі прасторамі. Улетку раніцай і ўвечары стаіць над балотам густая тумановая заслона. Улетку балота, дзе сушэй, часта гарыць. Тады цэлыя тыдні стаіць над балотам, аплываючы з ветрамі за небасхіл, воблака дыму.

Увосень, як пачынаюцца частыя ў гэтых месцах дажджы, дробныя і спорныя, з балотнага дна, з-пад імхоў, уздымаецца вада і затапляе прывычныя свае берагі. Рос на балоце лес. Бацькі дзядоў шапятоўскіх звалілі высоз-