зблізіліся, як-бы збіраючыся абняць гэты строй ценяў, і захадзілі па строі, абмацваючы кожнага ў паасобку. Цені дадахліва замітусіліся і, яшчэ не даслухаўшы каманды, мятнуліся ў бакі па полі і пабеглі наперад, стараючыся ўцячы ад страшных, усёвідушчых рук. Але ўцячы нельга было. З-за небасхілу адзін за другім паляцелі шыпучыя клубкі агню. Яны падалі ззаду, наперадзе, з бакоў, сярод самай гушчы мітуслівых згорбленых людскіх ценяў і з грукатам, са звонам ірваліся, засланяючы сабою свет. Каб уцячы ад іх, каб выратавацца ад смерці, ён, Шкробат Тарэнта, салдат сто трыццаць сёмага Сімбірскага палка, кінуўся на зямлю рукамі ў грузкую, ліпкую гліну і папоўз па ёй, месячы яе каленямі ног, цягнучы за сабою па гліне без меры цяжкія свае ногі. Вакол яго падаюць палымнеючыя клубкі, разрываюцца, шыбаюцца ў цемру кавалкамі чалавечых цел, а над усім поўзаюць даўгія, страшныя вогненыя рукі. Ён паўзе, нясмела паглядаючы цераз плячо ўгару, і не заўважае, як перад вачыма вырастае плот. На плоце, перакінуўшы нагу цэраз нагу, сядзіць чалавек і, скалячы на яго знізу з-пад абвіслага чэрапа з ашчэранага рота зубы, пляскае далонямі вялых абвіслых рук, як-бы смеючыся над ім. Ён кідаецца ў бок, але з зямлі раптам падымаецца чалавечы шкілет, акурат такі, як бачыў ён некалі ў адным з гарадоў у магазіне, і ракам паўзе на яго, пазіраючы ў твар яму нерухомымі ямінамі з чэрапа. Ускрыкнуўшы, ён кідаецца ў другі бок, але і адтуль паўзе гэткі-ж самы шкілет. Тады, каб нічога не бачыць, ён нацягвае на галаву шынель і кідаецца тварам у гразь. І тады чуе яшчэ, як ціха пляскаюць абвялыя далоні мерцвяка, што сядзіць на плоце. Каб не чуць іх зусім, ён усё больш і больш нацягвае на галаву шынель і рыецца галавою ў мяккую гліну палявой дарогі.
— Тарэнта, Тарэнта! Божа-ж мой! Чаго-ж ты… Устань!..
Праснуўшыся, ён бачыць, што не ляжыць на ложку, а стаіць на ім каленкамі, зарыўшыся галавой у падушку. Галава захутана коўдрай. Пад коўдрай горача і няма чым дыхаць. Скінуўшы з галавы коўдру, ён садзіцца на ложак і бачыць, што на ложку сядзіць побач спалоханая жонка. Яна трымае сваю руку на ягоным плячы і ён адчувае, як дробна і часта дрыжыць усё яе цэла.
— Божа-ж мой, што з табой? Тарэнтачка!..
— Нічога… — ён прыпамінае сон і, ўсё яшчэ не вызваліўшыся ад страху, уздрыгвае…
— Што гэта? Можа запаліць на комінку?..
— Нічога… не трэба. Хочу піць. — Ён падняўся, пайшоў па хаце да ўслона, дзе стаяла вядро з вадою і доўга,