ПАДЗЕЯ ДРУГАЯ
З лясной дарогі вышаў чалавек і, кінуўшы сабе пад ногі мяшок, які нёс у руцэ, сеў на капец. З капца тырчэў новы дубовы слупок, на абцёсаным баку яго быў выпалены дзяржаўны герб. Слупок пагказваў мяжу паміж панскай зямлёй і шапятоўскай. Чалавек у старым шынялі. На нагах у яго салдацкія боты з нізкімі халявамі. На плячах, на шынялі шэрыя з сукна апалеты і на шэрай шапцы-кучомцы салдацкая кукарда. А за плячыма салдацкі паходны мяшок, поўна набіты рэчамі. Да мяшка прывязаны кацялок і бляшаная кварта. Як сеў чалавек, зняў мяшок з плеч і паклаў яго пад ногі сабе, побач з другім, а тады пацёгся, размінаючы плечы. Відаць, быў ён стомлены даўгой дарогай і рад быў адпачыць. Адпачываючы, разглядаў уважліва, што трапляла на вочы.
Перад вачыма далёка наперадзе злева відзен роўны рад тапалёў, якія цягнуцца абапал дарогі, што вядзе ад бальшака ў панскі двор. Правей ад тапалёў з-за ўзгоркаў тырчаць адзінкамі дрэвы і віецца каля дрэў слупкамі шызы дым. Чалавэк дагадваецца, што за ўзгоркамі хаты. У хатах у гэтую пару пачынаюць тапіць печы. Яшчэ правей палявая прастора, шапятоўская і панская зямля. Па полі дзе-нідзе рассяліліся хутарцы. Чалавек хоча прыпомніць, дзе тут чый хутар, але погляд ягоны затрымліваецца на самым блізкім хутары, што непадалёк ад лесу. На пясчаным узгорку, над самым краем балотца, што зарасло нізкім хвойнікам і алешнікам, стаіць непакрыты хлеў-трысцен; чацвертая сцяна з жэрдак. І на жэрдкі, якія ляжаць на сцянах пад кроквамі, накіданы яловыя лапкі. Імі і прыкрыты хлеў.