бег побач, крокаў на дзесяць ад яго. Спыніліся ў лагчыне і пачалі акапвацца. Акапаўшыся, праляжалі ў ямках да вечара, а тады, падагнаныя афіцэрамі, паўзлі зноў на старую пазіцыю. Стральбы не было. Зноў над усім панавала жудасная цішыня. Па полі, па якому раніцою беглі яны ад акопаў, хадзілі санітары і падбіралі параненых, а падабраўшы, неслі за мястэчка да дарогі. Тады і ўбачыў Сузон, як пранеслі санітары Тарэнту Шкробата. Неслі яго на шынялі, і тарэнтавы ногі, звісаючы з шыняля, бездапаможна матляліся над зямлёй, кранаючы яе заднікамі чобатаў. Пазнаўшы Шкробата, Сузон мятнуўся да санітараў, хацеў спыніць іх, але санітары таропка прайшлі міма. Наўздагон ім ён крыкнуў яшчэ, пытаючы ці жывы, але санітары не адказалі. І тады, адчуўшы сябе ў адзіноце, ахоплены страхам, што можа быць забітым, ці паоаненым, ён азірнуўся па баках, і спяшаючыся, папоўз да салдата, які ляжаў улева ад яго. Поўз, сударгава сціскаючыся, часта і цяжка дыхаючы, хапаючыся за зямлю дрыглівымі пальцамі.
На другі дзень Сузон быў паранены ў левае плячо і пасля перавязкі быў накіраваны з партыяй параненых у вёску, дзе змяшчаўся дывізійны лазарэт. Перад самай ужо адпраўкай, як ад’язджаў абоз, ён па дарозе падышоў да кіпяцільніка ў санітарным атрадзе. Там, нацэджваючы з кіпяцільніка ў баклажку сабе вады, напаткаў знаёмага… Гэта быў худашчавы, высокі мужчына ў акулярах, у санітарнай форме. Прыгледзеўшыся да яго, Сузон пазнаў былога земскага агранома Ягуплу, які жыў у Пілацеева.
— Я вас ведаю, — сказаў Сузон, неяк нечакана для сябе, абрадваўшыся, што напаткаў знаёмага. — Вы жылі ў нашых месцах у панскім дварэ.
Той адказаў на прывітанне і ўважліва ўгледзеўся ў сузонаў твар.
— Мяне вы наўрад ці пазнаеце, дзе там!..
— Чаму-ж? Ты з Шапятоўкі?
— Ага, А вы-ж як тут?
— Я ў санітарным атрадзе. — Ён яшчэ раз уважліва ўгледзеўся ў Сузонаў твар. — У акопах быў?
— Ага, паранены вось у плячо, — ён паказаў перавязанае плячо, адхінуўшы каўнер гімнасцёркі. — Са мной у акопах быў яшчэ той, калі памятаеце, самы высокі, Шкробат Тарэнта. Яго паранілі на дзень раней, чым мяне. Я не ведаю, ці жывы ён, бо, як неслі, без памяці быў…
— Гэта русы такі?
— Ага, ён.
— Нешта я яго не сустракаў тут…