Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/115

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПАДЗЕЯ АДЗІННАЦАТАЯ



Тое, што здарылася, адбылося так раптоўна і так нечакана для большасці шапятоўцаў, што яшчэ доўга пасля, прыпамінаючы гэтыя падзеі, шмат хто з іх не мог вытлумачыць, чаму пайшлі яны той ночы на панскі двор.

Быў будні дзень. За два дні перад тым, не дачакаўшыся, калі прыдуць дадому арыштаваныя, шапятоўцы выехалі ў поле, каб самім узараць свае шнуры, што папалі ў зямлю, адбітую Пілацееву ў адмену на балота.

Двесяткі па два баразён прагналі, калі на поле прышоў каморнік. Ходзячы па палосах, ён паспрабаваў з адным, з другім пагаварыць, каб адраіць араць, але хутка, закурыўшы каля Хвойчыка, ён безнадзейна махнуў рукой і пайшоў у вёску.

Пазней, перад самым полуднем ужо, на поле прыехаў панскі аканом. Ён рыссю, з крыкам уз’ехаў на свежую раллю. На паласе, на якую ўз’ехаў аканом, араў Піскун Арцём. Апынуўшыся адзін на адзін перад аканомам, Арцём быў спалохаўся і спыніў каня. Баючыся, каб хаця не ўзваліў аканом на яго ўсю віну, ён пачаў быў апраўдвацца.

— Ці я адзін ару, ці я пачаў? Аруць усе, дык і я ару. Але калі аканом загадаў ехаць дадому, ён запярэчыў.

— Калі ўсе паедуць, дык і я паеду, я не супроць, але адзін я не паеду. Што-ж я, людзі араць будуць, а я буду пазіраць на іх? От, ганіце іх, — ён паказаў рукой на іншых, — то і я паеду.

Ад Піскуна аканом упоперак палос паехаў па раллі да другіх. Каля кожнага ён спыняўся і загадваў неадкладна-ж ехаць дадому. Пагражаў, што паадбірае плугі. І ўвесь час