— Так. А вы яго ведаеце?
— А як-жа, ведаю, добра ведаю, ён і казаў мне, што вы прыедзеце…
— Гаварыў?
— Гаварыў, і так рад быў, што вы прыедзеце.
Абрадваная гэтымі словамі, Ліда ўсміхнулася.
— І сказаў, што прыедзеце вы разам, прасіў, каб я пакой прыбрала.
— Яго няма дома? — Ліда паднялася і схапіла рамізніка за плячо. — Стойце. — Лідзе хацелася разабрацца ў тым, што гаворыць сялянка.
— Я-ж і кажу, што ён папрасіў мяне прыгатаваць пакой, а сам паехаў у воласць, нейкі пакет яму стражнік прывёз быў. Паехаў і сказаў, што адтуль па вас паедзе і прывязе. Я вось гэта і гляджу, што вы адна едзеце… Няўжо-ж размінаваліся дзе, ці што?
— Кажаце стражнік прыязджаў? Даўно? — у Ліды мільганула думка пра арышт.
— А ўжо трэці дзень сёння. Акурат увечары паехаў…
— Значыць, яго арыштавалі, — хутчэй падумала, чым сказала Ліда.
— Што вы, паненачка? завошта-ж? не дай бог!
— А за што нашых арыштавалі? — гэта ўмяшалася ў гаворку яшчэ адна з жанчын. Цяпер іх сабралася аж восем.
— А майго за што арыштавалі?
— І вашых арыштавалі? — Ліда сышла з каламажкі.
— Арыштавалі. На досвіцці прыехалі стражнікі, забралі і пагналі ў воласць. Дык мусіць і настаўніка, раз іх, бо ён-жа гэта з імі больш і гаварыў, ніж з кім другім.
У тым, што Буднік арыштаваны, не было сумненняў. Заставалася дазнацца падрабязней прычын арыштаў і ехаць назад.
— Я хацела-б пераначаваць у каго-небудзь, — сказала Ліда.
— У мяне і паначуйце, — запрапанавала жанчына, якая першай загаварыла з ёй.
Ліда пайшла за сялянкай, а следам за імі паехаў, завярнуўшыся, і рамізнік. Побач пайшлі і сялянкі, што былі сабраліся ў вуліцы. Разам яны пайшлі і ў двор. Калі гаспадыня пабегла ў хату, каб там крыху ўпарадкавацца, тая з жанчын, што гаварыла пра арышты, цяпер зноў пачала тую-ж гаворку.
— Не дай бог, што ў нас робіцца тут. Вось узялі, па-