Перайсці да зместу

Старонка:Праз гады (1936).pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Калі пабеглі рыссю коні і мажары забразгаталі жалезам тоўстых шын па шасе, Ліда пачала пераконваць сябе ў тым, што той, каго яна чакала спаткаць, не прыехаў па нейкай важнай прычыне.

Коні беглі рыссю. Мажары ўздрыгвалі, ляскаталі жалезам і перашкаджалі думаць. Пасажыры, прыгрэтыя ранішнім сонцам, пачалі драмаць, а Ліда прымасцілася, як ямчэй, і, аблакціўшыся на драбінкі мажар, моўчкі пазірала ў поле.

У мястэчку Ліда на некалькі хвілін зайшла ў харчэўню, каб папалуднаваць, а пасля наняла рамізніка і паехала далей. Надвячоркам, ужо зусім змучаная дарогай, калі павольна крочыў ляны і стомлены конь, і з’езджаная каламажка пахвілінна бранчэла старымі рысорамі, Ліда задрамала. А калі прахапілася і раскрыла вочы, выязджалі з лесу. У гэты момант рамізнік павярнуўся тварам да яе і паказаў пугаўём у напрамку да зарасніку, які бачан быў наперадзе на ўзгорку.

— Вось там і Шапятоўка, зусім ужо блізка.

Ліда паднялася з месца, стала ў каламажцы, але нічога яшчэ не ўбачыла, акрамя зарасніку. Цяпер вярнуўся настрой, які быў ў вагоне. Зноў, занятая думкамі пра спатканне, яна захвалявалася і папрасіла рамізніка падагнаць каня. Цяпер хацелася як мага хутчэй даехаць да вёскі. Уяўляла як уедзе ў вёску і знойдзе школьны будынак. Калі ён у сваім пакоі, ён выйдзе на ганак і ад нечаканасці, калі не атрымаў тэлеграмы і не ведае пра яе прыезд, разгубіцца. А яшчэ лепш, думала Ліда, калі-б яго ў пакоі не было. Тады яна зайшла-б туды і моўчкі чакала-б яго. Знайшоўшы яе ў сваім пакоі, ён быў-бы бязмерна рад. Яна чакала-б яго, як заўжды там, у Пецербурзе, згарнуўшыся дзе-небудзь на канапе ці на лаўцы. А пасля яны цэлы вечар сядзелі-б побач, — яна расказала-б яму багата цікавага пра сябе, пра Пецербург і пра іхных агульных таварышоў.

Па вясковай вуліцы конь ішоў ціха, і Ліда, ужо не ўмеючы ўсядзець на месцы, разглядала вясковыя будынкі, стараючыся адшукаць школьны. Здавалася, што конь ідзе задужа павольна, нездаволеная маруднай яздой, яна некалькі раз парывалася сыйсці з каламажкі і пайсці пешшу.

З двароў на Ліду пазіралі дзеці і жанчыны. Жанчыны некаторыя выходзілі з двароў на вуліцу, віталіся з Лідай, ішлі следам за каламажкай, разглядаючы яе. Непадалёк ад школы адна з іх падышла да каламажкі.

— Вы гэта, паненачка, мусіць да нашага настаўніка прыехалі?