палітыку Расіі, абвяшчаючы яе палітыкай міру, і кідаліся папераджальнымі пагрозамі па адрасу невядомых яшчэ ворагаў і ліслівымі паклонамі ў бок магчымых саюзнікаў. Таўстыя часопісы змяшчалі вялікія рэфераты прафесароў і палітычных дзеячоў, рускіх і замежных, у якіх абмяркоўваліся зусім несхавана пытанні эканамічных інтарэсаў, якія будуць звязанымі з вялікай еўрапейскай вайной, і пытанні, якія былі тэмай гутаркі і лідзіных суседзяў па купе, у якіх палітыкі даводзілі, што захаванне міру каштуе народам на многа больш, чым выдаткі, якія былі-б зроблены, калі-б узнікла еўрапейская вайна. Ва ўсім адчувалася незвычайная раздражлівасць і нервовасць. Было падобна, што дзесьці зусім блізка, хоцьі ў баку яшчэ, блукае здань вайны. Палкія публіцысты штурхалі гэтую здань да актыўных дзеянняў і былі нездаволены, што народы так доўга затрымліваюцца.
— Дык няўжо-ж такі можа ўзнікнуць вайна? Гэта, Сузон Іванавіч, страшна, гэта вялікая бяда, так-так, страшная бяда.
— Зусім натуральна, можа і можа не ў далёкім часе.
Лідзе не хацелася слухаць гэтай гутаркі, не было, жадання ўмяшацца ў яе і яна пайшла з купе ў калідор. Перад спатканнем, якога яна так доўга чакала, ні пра што іншае не хацелася думаць. У калідоры яна стала каля акна. Поезд ішоў сярод поля. Непадалёк ад чыгункі паказваліся вёскі. Яны вынікалі з-за ўзгоркаў і хутка знікалі, адыходзячы ў далячынь. Тады перад вачыма слаліся палявыя прасторы. За полем сінелі лясы, а перад імі на сенажацях, густа, на кожнай паласе, стаялі невысокія прысадзістыя, з вострымі вярхамі, стагі. Пасля лес, непрыкметна падкраўшыся, абкружаў чыгунку і поезд ішоў у цяні паміж дрэў, сеючы вакол сябе пасілены водгуллем жалезны гоман.
Лідзе хацелася, каб хутчэй была патрэбная станцыя. Яна застыла каля акна, зачараваная сваімі думамі. Хацелася разгадаць, які ён, ці не змяніўся. На адзін момант падыходзіў нечакана смутак, але яна адганяла яго, аддаючыся марам. Насустрач поезду дуў мяккі і цёплы вецер. Яна высунула ў акно насустрач ветру голаў і, зажмурыўшы вочы, адчуваючы, як кранаецца твара вецер, думала пра першы пацалунак пры спатканні, адчувала яго сваімі вуснамі і тады, выставіўшы ў акно рукі, цягнулася імі ў загубленую за лесам далячынь.
Перад апошнім перагонам зайшла ў купе і прыгатавала рэчы. Калі поезд пайшоў ад станцыі, апранула паліто і зноў вышла ў калідор. Яшчэ цераз нейкі час вынесла туды