— Здаецца аграном: Земскі аграном, — адказаў той, некалькі збянтэжаны такім нечаканым запытаннем.
Стоячы ўжо над умывальнікам перад люстэркам, Ліда аблівала твар вадой з поўных далоней. Пасля дзівілася, як сцякае з твара вада, капаючы цурком з кончыка носа, зноў смяялася і падоўгу прамывала вочы, не ведаючы, на што патраціць лішак сіл і радасць. Радасць была бязмерна вялікай, такой, калі хочацца абавязкова падзяліцца ёю хоць з кім, хто згодзіцца выслухаць. Яшчэ чатыры прыблізна гадзіны і канец дарозе, а там спатканне, так даўно чаканае. Уяўляючы ўсё гэта, Ліда жмурыла ў усмешцы вочы і шаптала да некага ласкавыя, пяшчотныя словы. — «Любы ты мой, харошы, родны». — Слухала свой голас і зноў жмурыла вочы, а тады набірала яшчэ поўныя прыгаршчы вады і акунала ў іх твар.
Калі прышла ў купе, суседзі вялі паміж сабою, відаць, даўно, яшчэ да поезда, пачатую гутарку. Гаварыў больш маладзейшы, а другі час ад часу пярэчыў яму ці, не згаджаючыся з яго меркаваннямі, выказваў сваё і не для таго, каб спрачацца, а так, каб сказаць тое, што думае. І адчувалася ў ягоным голасе да ўсяго нейкая палахлівасць.
— Вайна, — гаварыў ён, — нясе ў сабе вялікую сілу разбурэння, так-так, і вы, Сузон Іванавіч, дарэмна, дарэмна вы гаворыце, што вайна танней можа абыйсціся, чым мір. І няхай чатыры мільёны салдат у Еўропе і няхай яна на армію і флот страціла за леташні год чатыры мільярды рублёў, але за тое-ж людзі, жывыя людзі асталіся. Гэта даражэй, чым што, так-так, даражэй…
— З вашага пункту гледжання, але не з пункту гледжання агульна-народных інтарэсаў.
— Як жа-ж так? — здзівіўся той. — А якія-ж мае пункты гледжання? Вось я, скажам, настаўнік, дзяцей вучу. Дзеці маюць бацькоў, адзетыя, нябосыя, а тады бацькоў забяруць, каго заб’юць, каго скалечаць. Ну, гэта, ведаеце, няхай лепш міне яно, такое, так-так.
Лідзе гэная гутарка напомніла Пецербург. Апошнія месяцы Пецербург жыў тэмай вайны, якой яшчэ не было, але якую прарочылі і ўгадвалі. У друку ўсё яшчэ жыло водгулле нядаўняй балканскай вайны. Журналісты стараліся адгадаць апошнюю арыентацыю Турцыі і балканскіх дзяржаў.
Газеты пісалі пра імкненні ваеннай партыі Аўстрыі і нямецкага мілітарызма. Прыпамінаючы святкаванне стогадовага юбілею руска-французскай вайны, газеты праслаўлялі