— Наўмысля пэўне. А то што-ж яму было рабіць? Ён быў сарваны, працаваць жывот не даваў, бо як возьмецца за што, яго і сагне крукам. Такі чалавек ні да чаго ў жыцці.
Конюх памаўчаў. Ён доўга ўглядаўся ў пасінелыя, худыя тапельцавы ногі, на якія садзіліся камары, потым пайшоў да куста, наламаў галля з алешніку і ім пакрыў ногі і твар.
— Браты цяпер рады будуць, — сказаў ён, — хоць неяк рукі ён развязаў ім.
Галынскага словы конюхавы здзівілі і крыху спалохалі сваёй грубай праўдзівасцю.
— Яму, небараку, больш і ходу не было як сюды от. — Ён кіўнуў галавою ў бок возера. — Як па-нашаму, дык так яно лепш, раз ужо чалавек ні да чаго няздатны, раз такое здароўе, — дадаў ён яшчэ, змеціўшы, што Галынскі не разумее яго.
Непадалёк ад тапельца, пад дрэвам, ляжала невялікая старая торба. Конюх адышоўся, падняў торбу і зірнуў у яе. У торбе ляжала некалькі скібак чорствага хлеба і каля дзесятка спечаных бульбін.
— Ён, відаць, па старцох хадзіў, — сказаў конюх. — Ну, то гэта ўжо не жыццё, я вам скажу: хадзі, прасі, ды няхай яно згарыць, лепш ужо так от.
Ад тапельца маладзейшы парабак пайшоў у вёску, каб наказаць радні, а Галынскі з конюхам на чаўне паплылі назад на свой бераг. Там Галынскі сеў на лавачцы.
За плячыма прывычна шамацела асіннікавае лісце. Над галавой звінелі камары, а вочы блукалі па гладкаму чыстаму прастору вады, цёмнаму ў густой сіняве сваёй, на якой жылі звонкія, у вячэрняй цішы, усплёскі рыб.
Дзесьці блізка суседзіла ноч, хоць і было яшчэ зусім відна. Падкрадалася ноч ледзь прыкметнымі шолахамі ў кустах з-за плеч і з вялікага лесу, што на той бок возера, дзе ляжыць тапелец, і з самага азёрнага дна падымаецца ноч. Русалкай з падання хутка падымецца ноч з азёрнага дна, стане над возерам і шырока распусціць круг галавы свае чорныя, пышныя валасы. Цёмнымі пасмамі пацягнуцца яны ў наваколле, злучацца там з вямлёй і лясамі і тады кане зямля ў дрымотную бездань. Чыстая і звонкая ўсталюецца на зямлі цішыня і будуць у ёй гукі больш выразнымі і акругленымі, і мыслі будуць гэтак-жа больш акругленымі, дадуманымі да свайго канца. Чалавеку тады захочацца большага, чым яму дадзена, і сябе ён адчуе здольным на большае і на смялейшае, чым робіць штодзень. Захочацца шырокімі і смелымі крокамі волата прайсціся па