намерыўся пайсці ў хату і тады-ж заўважыў, як нехта пералазіў цераз плот з ягонага агароду на старастаў. Подбежкам ён кінуўся ў агарод, але пакуль падбег туды, больш нікога не ўбачыў і пайшоў у хату, парашыўшы заўтра раніцою сказаць пра гэта настаўніку.
Тымчасам Міхалка прышоў у мікітаву хату. Жонка мікітава сядзела пры лучыне, а Мікіты дома не было. — Не ведаю куды гэта ён сцёгся, — сказала яна на міхалкава запытанне. — Ды пасядзі ўжо, нікуды-ж не дзенецца, прыдзе.
І сапраўды, цераз колькі хвілін ён прышоў. Прышоў, задыхаўшыся, нечым устрывожаны. Змеціўшы ў хаце Міхалку, збянтэжыўся і доўга стаяў ля парога, абтрасаючы світу.
— Дзе гэта ты хадзіў поначы?
— У гумно хадзіў.
— У гумно? — жонка хацела яшчэ нешта сказаць, але Мікіта перабіў яе.
— Ты вось сядзі, калі сядзіш. Трэба было, дык хадзіў, мо’-ж парадку ніхто не навядзе. — А знайшоўшы сабе апраўданне, ён паспакайнеў і загаварыў да Міхалкі.
— Нешта-ж ты гэта позна, гэта-ж ніколі не было такога?
— А як патрэба з’явілася, дык і прышоў. Дай выйдзем на якую хвіліну на двор.
— Сакрэт які ў цябе, ці што? Ну, хадзем.
Міхалка падняўся з лаўкі і пайшоў следам за ім. А ў сенцах, як адчыніў Мікіта дзверы, сказаў:
— Ты нашто апастыраешся з людзьмі, Мікіта, а? Чаго ты ходзіш там, дзе табе не трэба?
— Як гэта я хаджу, дзе не трэба? Што ты, чалавеча, чаўпеш?
— Я не чаўпу. Адно скажу, што ногі людзі перабіць могуць, калі будзеш лезці не ў сваё. Не ў свае аглоблі не ўпрагайся, Мікіта. Дабра з гэтага не будзе.
Мікіта спалохаўся, парашыў, што яго бачылі і пазналі.
— Далібог-жа я ото ад рэчкі ішоў, цераз сузонаў двор, аж бачу вы там, дык я па агародах пайшоў…
Міхалку такое мікітава прызнанне аж падмыла.
— Дык ты і сёння бегаў за намі? І падслухаў, а?
— Далібог-жа нічога я не чуў, ад рэчкі ішоў я, во што.
— Ты мне не спавядайся, я не поп. А толькі калі ты хоць каму пра ўсё гэта скажаш, тады памятай, так гэта табе не абыйдзецца. Я наўмысля пайшоў, каб гэта сказаць табе.
— Вось табе і на! што гэта ты, чалавеча? Ці мне ўжо нельга і па зямлі хадзіць? Што-ж гэта вы надумаліся? За каго-ж гэта вы мяне лічыце? Ці я вораг сабе, ці што? А ні