паняцьці мелі як-бы собскую сілу, пхаючую іх да эволюцыі. Пачалі казаць аб жыцьці і выміраньні слоў, догматаў, устаноў і г. д. Гэткім парадкам побач з гістарычнымі фактамі стварыўся цэлы сьвет фікцыйных істотаў. Каб пазбыцца гэтай мітолёгіі, ня трэба шукаць прычын гістарычных фактаў у вадарваньні ад іх канкрэтнае асновы — думаючых і дзеючых індывідуумаў. А калі і карыстацца абстракцыйнымі назовамі, дык трэба асьцерагацца ўсякае мэтафоры, якая прыпісвала-б ім дзеяньні жывых істотаў.
Побач з гэтымі мэтафізычнымі і мэтафорычнымі тлумачэньнямі гістарычных працэсаў былі спробы пры дасьледваньні прычын тасаваць клясычны мэтад прыродных навук — параўнаньне раўналежных радоў наступаючых па сабе фактаў дзеля выясьненьня, каторыя зь іх спатыкаюцца заўсёды разам. Аднак, існаваньне двух фактаў у некалькі радох не даказвае яшчэ, што адзін зь іх ёсьць прычынай другога, бо абодвы могуць быць рэзультатам нейкай іншай прычыны.
Напасьледак трэба зацеміць, што даволі паважнае значэньне ў тлумачэньні гістарычных фактаў здабыў сабе эканамічны мэтад, каторы прымушае шукаць прычын перажытых дадзеным грамадзянствам падзеяў у яго эканамічнай структуры.
Ужо само павярхоўнае пералічэньне спосабаў, якімі гісторыкі стараліся і стараюцца тлумачыць гістарычныя факты, паказваюць на іхнюю разнаякасьць, а гэтым самым і на іхнюю недасканальнасьць. Мэтодолёгічнае дасьледваньне прычын якогась факту патрабуе аналізы варункаў, у якіх ён адбыўся, да чаго патрэбна добрая знаёмасьць гэтых варункаў. А падобнае знаёмасьці ў гісторыі якраз і нямашака, дзеля чаго прыходзіцца адмовіцца ад выясьненьня прычын з помаччу простага мэтоду, як гэта адбываецца ў іншых навуках. Аб прычынах фактаў гісторыкі даведваюцца або ад аўтараў дакумэнтаў, наглядаўшых факты, або па аналёгіі з прычынамі, дзеючымі ў сучаснасьці і нагляданымі кожным з нас. Аўтары дакумэнтаў пераказалі прычыны толькі паасобных нагляданых імі фактаў. Не маглі яны перадаць прычын агульных перамен, агульных фактаў. Каб дасьледваць прычыны агульных фактаў, гісторык можа карыстацца толькі аналёгіяй між сучаснасьцю а мінуўшчынай, пры помачы беспасрэднага нагляданьня перамен у сучасных грамадзянствах.
Мэтад гэткага дасьледваньня, прапагаваны ў Францыі праф. Ланглуа і Сэньёбос’ам, хоць яшчэ ня зусім скрысталізаваўся, але ў васновах сваіх выдаецца найбольш правільным. Галоўныя яго асновы паводле гэтых вучоных зьмяшчаюцца ў наступным:
1) Каб дабрацца да прычын узаемадзеяньня розных прывычак у грамадзянстве, трэба адкінуць абстракць йную форму, якую гэтыя прывычкі прыймаюць у мове дакумэнтаў (догмат, закон, установа), а дабрацца да рэальных, канкрэтных цэнтраў, якімі заўсёды ёсьць думаючыя і дзеючыя людзі. Толькі ў іх лучацца розныя роды дзейнасьці, азначаныя абстракцыйнымі па-