Старонка:Правакацыя беларускага народу.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ужо ня раз у працягу апошняга дзесяцігодзьдзя камінтэрн прабаваў падняць завярухі ў розных краёх, але заўсёды яны канчаліся для яго вельмі плачэўна. Было паўстаньне ў Баўгарыі, некі час камуністы трымаліся ў Вэнгрыі, была спроба захапіць уладу ў Італіі і Эстоніі, у 1930 г. яны былі раздушаны ў Чылі, у 1933 у Румыніі словам усюды, дзе можна, яны прабавалі свае сілы, але ўсюды атрымалі належны адпор з боку арганізаванага грамадзянства.

Здавалася, што Кітай ператворыцца хутка ў Савецкі Саюз, дзе запануюць камуністы. Аказалася, аднак, што проці збальшавізаванага Кітаю выступіла азброеная да зубоў Японія, каторая наводзіць там парадак.

Так прыблізна абстаяць справы на сьвеце і вось пры гэтакіх абставінах Тарашкевіч падняўся місіі злучыць лёс Беларускага народу з лёсам СССР і камуністычнай рэвалюцыі.

Лёс гэты настолькі няпэўны, што нават некаторыя камуністычныя тэорэтыкі ня вельмі оптымістычна заглядаюць на будучыню.

На жаль для п. Тарашкевіча, можа стацца якраз так, што ён не дачакае таго, на што пакладае, дзякуючы сваяму камуністычнаму „донкіхоцтву“, такія вялікія надзеі.

І што ён скажа тады?

А што-б ён сказаў, калі-б падняўшаяся рэвалюцыя была здушана разам з Беларускім народам, каторы ён стараецца пацягнуць за сабою ў камуністычную падарож?

Людзі, падобныя Тарашкевічу, палітычныя дыльлетанты, ці то звычайныя кар‘ерысты — стараюцца аканчальна здэзорыентаваць нашае грамадзянства скіраваўшы ягоную ўвагу ў той бок, каторы можа прынесьці пры ўсякіх гістарычных выпадках ў будучыні адну толькі пагібель для беларускай справы.

Мазгі, атручаныя бальшавіцкім дурманам, ніяк ня могуць зразумець тае простае рэчы, што беларускае пытаньне ва ўсёй ягонай паўнаце можа быць вырашана без дапамогі камуністычнай рэвалюцыі, каторая так патрэбна Тарашкевічу для здзейсьненьня ягоных „ідэалаў“.