Старонка:Правакацыя беларускага народу.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Тарашкевіч з Волошынам скаржацца ў сваёй пракл мацыі, што ўжо некалькі гадоў як яны гібеюць у каменным мяшку.

А хто-ж гэтаму вінават?

Усім вядома, што частка грамадаўскіх правадыроў была звольнена прадтэрмінова яшчэ ў 1930 г. і першым вышаў з вастрогу ніхто іншы, як б. старшыня Грамады Б. Тарашкевіч, а ўжо за ім яшчэ некалькі чалавек, каторыя выкарыстаўшы сваё звальненьне, уцяклі ў Саветы, не дачакаўшыся нават таго, пакуль звольняць рэшту засуджаных.

Зьвяртаючыся да б. грамадаўцаў і ставячы апошняе сваё прабываньне ў вастрозе Тарашкевіч з Волошынам гавораць: „Ваш наказ змагацца за вызваленьне беларускага народу з пад фашыстоўскай акупацыі будзем непахістна выконываць аж да скону сваіх дзён“.

Што датычыць Волошына, дык той як ужо ведама нашаму грамадзянству, выехаў разам з іншымі камуністамі ў Саветы ў парадку абмену палітвязьнямі і хіба-ж адтуль будзе „непахістна выконываць“ тое, што абяцаў грамадаўцам. У каменным мяшку гібее пакульшто адзін толькі Тарашкевіч, каторы бяссумліўна хутка апыніцца там, дзе апынуліся ягоныя таварышы.

Як бы там ні было, ці забяруць Тарашкевіча ў Саветы, ці не — да ягоных слоў у „Закліку“ трэба зрабіць маленькую папраўку.

Рэч ў тым, што новы арышт Тарашкевіча ў лютым 1931 г. ні ў якой лучнасьці са справаю Грамады не стаіць.

Яго арыштавалі ў Тчэве пасьля таго, як ён уцёк за граніцу і ехаў з Бэрліну ў Саветы, выконваючы такі загад, на каторы Грамада ніякага ўпаважненьня яму не давала.

Тарашкевіч разам са сваімі таварышамі падпарадкаваліся дырэктывам камінтэрну, выехаўшы туды, куды наказваў гэты апошні і з таго мамэнту мы лічым, што роля іх як грамадаўцаў закончана,

Сябры Грамады падзяліліся на дзьве часткі, адна на чале з Тарашкевічам сьлепа і бязкрытычна пад-