Відаць маяк — агонь дзяньніцы…
Плывём к прыгожа-сьветлай далі;
Дзень хутка новы заіскрыцца,
Зямлю ўсю полымя расплавіць…
Відаць маяк-агонь дзяньніцы:
Плывём к прыгожа-сьветлай далі
У полымі, — бяз ветру й вёслаў…
На прыстані мы пагуляем,
Сусьветная як прыйдзе восень…
Цяпер — к прыгожа-сьветлай далі!
М. Чарот.
25/XI — 22 г.
|}
У жыцьцёвай кузьні.
Стукаюць цяжкія молат за молатам,
Сыплюцца іскры, як золата,
Бляскі кладуць на зямлі.
Цяжкаю працай заняты тут волаты:
Жыцьце куюць кавалі.
Печы зіяюць — зіяюць рагочучы,
Дзьмухаюць голасна мехі прарочачы
Шчасьця сьвятога прыход;
Ў гэтым запэўніць працоўнікаў хочучы,
Зьяе праменна усход.
Жыцьце абняла навокала раніца,
Будзіць прачнуцца, будзіць ахаяцца,
З песьняю к працы заве;
Ласкаю сонца зіяе — ўсьміхаецца,
Космы кладзе на траве…
Стукае — молат паўднёвымі ўдарамі,
Суліць растацца з мукай, цяжарамі,
Будзіць палёт пачуцьця.
Што яшчэ ўчора здавалася марамі —
Сёньня — здабытак жыцьця!
А. Гурло.
14/XI — 22 г.
На працу.
Гудкі з гудкамі зьлілісь ў гукі,
Гукаюць гучна навакол…
І грукі чутны, чутны стукі
Ад конскіх ног, павозак, кол.
Зьвініць машына на заводзе,
Званіцы звоняць звонам з выш,
Здаецца песьню ўсё заводзіць,
І замірае ўсюды ціш…