мерщина") і права карыстацца маемасьцю паводле духоўніцы («беззадщина»). Улада вялікага князя ня мае права ўваходзіць «ни в без задщины, ни в отмерщины». Правам перайманьня ў спадчыну нярухомае маемасьці карыстаюцца і ўдовы зямляўласьнікаў. Констытуцыя надавала баярскай або мяшчанскай удаве, «доколи она на вдовьем стольце сидит», права на кіраваньне маемасьцю мужа. Удава захоўвае за сабой права вольнага выхаду замуж у другі раз. У выпадку, калі шлюб адбыуся, удава захоўвае за сабою права ўладаць толькі тэй маемасьцю, «што ей будет муж записал». Самая-ж маемасьць павінна застацца ў карыстаньні дзяцей. Калі дзяцей няма, маемасьць пераходзіць да братоў першага мужа, і толькі, калі і братоў няма, крэўныя першага мужа маюць права на заўладаньне нярухомасьцю.
Насельніцтва Полацкае зямлі, згодна з констытуцыяй, было вольна ад выплаты сярэбшчыны на векі-вечныя, а таксама і ад выплаты мыта — на ўсіх абшарах Літоўска-Беларускае дзяржавы. Роўным чынам палачане былі вольны ад падводнае павіннасьці — «а подводы наши, коней полочан не брать ни в посельских путников, ни в сябров городских». Затое на насельніцтва ўскладаўся абавязак «бобры гнати по старой пошлине» і адбываць вайсковую службу вялікаму князю. Аднак, вайсковая павіннасьць была агульнадзяржаўнай з боку свайго характару, бо права ўладаньня зямлёй было агулам злучана з абавязкам служыць у войску. Вось якая Полацкая констытуцыя ў сваіх асноўных рысах. Яна прабавала ахапіць усе бакі жыцьця Полацкае зямлі, замацаваць у законе праўна-бытавую старасьветчыну і паставіць уладу вялікага князя, у вадносінах да зямлі, у межы, дакладна вызначаныя ў законе. Гэтая констытуцыя дала панаваўшым грамадзкім групам шырокія політычныя правы і перавагі, дзякуючы якім яны атрымалі магчымасьць права вольнага кіраваньня ўнутраным жыцьцём Полацкае зямлі.
Памеры тэрыторыі Полацкае зямлі ў складзе Літоўска-Беларускае дзяржавы дакладна азначыў профэсар Любаўскі. На падставе стараннага аналізу географічных назоваў, якія сустракаюцца ў актавых матар’ялах аб Полацкай зямлі, профэсар Любаўскі думае, что Полацкая зямля ў сваім складзе мела частку Віцебшчыны, што на правым беразе Дзьвіны — Себежчыну, Дрысеншчыну, Полаччын і Лепельшчыну, а таксама паўднёва-заходнюю частку самае Віцебшчыны (былы Віцебскі павет), заходнюю частку Сеньненшчыны, паўночную частку Барысаўшчыны і паўночна-ўсходюю частку Віленшчыны[1]. Полацкая зямля знаходзілася ў вадазборы сярэдняе Дзьвіны і займала вельмі зручнае экономічна-географічнае палажэньне. Праз Полацкую зямлю праходзіў найгалаўнейшы гандлёвы шлях, па якім падтрымлівалі сувязь з Рыгай; значэньне гэтага шляху было вялізным для экономічнага разьвіцьця краю. Полацкая зямля мае шмат лясоў, а глеба яе вельмі нявыгадна для сельска-гаспадарчае культуры. Дзякуючы благой якасьці глебы сялянская гаспадарка разьвівалася ў Полацкай зямлі нязвычайна марудна. Насельніцтва скіроўвала сваю гаспадарчую энэргію не на эксплеатаваньне зямлі. Наўзьмежнае палажэньне Полацкае зямлі з Масквой было, у сваю чаргу, фактарам, які рабіў адмоўны ўплыў на разьвіцьцё сельска-гаспадарчае культуры. Полацкая зямля, агулам кажучы,
- ↑ М. К. Любавский, op. cit., стар. 261. Назовы паасобных частак тэрыторыі дапасаваны у працы проф. Любоўскага да адміністрацыйнага падзелу б. Расійскае імпэрыі.