Судзімонтавіч, мабыць па мотывах ваеннага характару, вырашыў зьмявіць парадак кіраваньня горадам і паставіць на чале Полацку гараднічага, на абавязку якога было організаваць абарону гораду належным парадкам. Гэты загад Полацкага намесьніка, які парушаў Полацкую старасьветчыну, выклікаў вялікую нездаволенасьць з боку усіх жыхароў. Полацкія баяры, мяшчане і ўсё паспольства зьвярнуліся да вялікага князя, просячы пакінуць усё, як было даўней, а мескую справу, у выпадку патрэбы, "расказывати, делати нашим людям, которые наши люди издавна из волостей Задвинских Полтеск издавна рубливали и пригоном Полоцким и иным волостем, которыя издавна Полоцк рубливали". Рашэньне гаспадара ("вырок") ад 27 сакавіка 1475 году здаволіла просьбу насельніцтва Полацкае зямлі. Усè пакінулі, як было раней. Такім чынам, спроба вылучыць горад у васобную адміністрацыйнаваенную адзінку сустрэла перашкоду з боку жыхароў[1].
Тым часам, адзінства Полацкае зямлі спавольна, але няўхільна разбурвалася. Гандлёвы капітал, які пачаў пашырацца, паставіў інтарэсы зямляўласыніцкага стану супроць інтарэсаў іншых груп насельніцтва, што парушала адзінства як Полацкае зямлі, гэтак і адбываньне павіннасьцяй. Гэтак, полацкія баяры адмаўляліся дапамагаць полацкім мяшчанам, а таксама гарадзкой шляхце і чорнаму люду у адбываньні земскіх павіннасьцяй. Гэтыя непаразуменьні, якія вынікалі сярод грамадзянства, былі перанесены на суд вялікага князя. У жніўні 1486 году вялікі князь прыняў адносна гэтага пытаньня сваю пастанову; ён пашоу насустрач пакрыўджаным і захаваў парадак, які быў даўней. Баяры павінны былі "тую помоч класти, коли мы их пожадаем по той нашой присязе как нам присягнули во всем добра хотети".
Грошы, якія зьбіраліся ў выніку выкананьня земскае павіннасьці, перахоўваліся у асобнай скрынцы, якая была пад загадам прадстаўнікоў ад зацікаўленых груп грамадзянства. Выдача грошай на земскія патрэбы была магчыма толькі са згоды ўсіх прадстаўнікоў. Пастанова гаспадара яшчэ раз падкрэсьлівала адзінства ў грамадзка-валасной організацыі і вымагала ,абы бояре и мещане и дворяне городские и все поспольство в згоде между собой было, а дела бы наши господарские вси згодно посполу справляли по давному, а сымались бы вси посполу на том месте, где перад тым сыймовались здавна“. Гаспадар забараняў рабіць асобныя сходы ад баяр і раіў во всех речех так рядитися, как мы им право дали"[2]. Хто быў вінен у парушэньні загаду гаспадара, падлягаў грашоваму штрафу ў 10.000 рублёў. Адзінства Полацкае зямлі і воласьці яшчэ раз было захавана, аднак, ― не на даўгі час
Об'ектыўныя гаспадарчыя ўмовы прымусілі ўрад абвесьціць 7 кастрычніка 1498 году прывілей на Майдэборскае права, які разбурваў адзінства Полацкае зямлі. На канец ХV сталецьця павялічыўся экономічны ўзрост Полацку, бо гандлёвы шлях па Заходняй Дзьвіне атрымліваў што-раз большае значэньне. Вялікі князь Аляксандар абвясьціў свой прывілей, "маючи узгляд ку посполитого, доброго размножения и хотячы положение места нашего Полоцкого в мере лепшей поставити, штобы люди наши там живучи через вряд добрый а справедливый были размножены"[3]. Даруючы Полацку прывілей на Майдэборскае права вялікі князь Аляксандар хацеў гэтым самым дапамагчы яго экономічнаму разьвіцьцю.