Другую групу вольнага насельніцтва складалі так званыя валасныя людзі, якія, жывучы на дзяржаўных землях, адзначаліся адны ад другіх ня столькі з боку праўнага палажэньня, колькі агульным характарам сваіх павіннасьцый. У выпадку, калі гаспадар даваў заселеныя землі, зьмянялася праўнае палажэньне насельніцтва, якое трапляла пад уладу і прысуд прыватнага уласьніка. Прыватнауласьніцкае сялянства вазад у дзяржаунае не пераходзіла, бо Полацкая констытуцыя ня ведае так званых спадкавых, маёнткаў, калі, з прычыны адсутнасьці наступнікау, маёнтак пераходзіу, як адмерлая маемасьць, ва уладаньне гаспадара[1].
Полацкая зямля — тэрыторыя вялікіх лясных прастораў. Насельніцтва, якое жыло каля лесу, займалася вельмі прымітыўнай прамысловай гаспадаркай. Усе адносіны гэтага насельніцтва да гаспадарскага скарбу выяўляліся у выплаце тае дані, якая, паводле старадаўняга звычаю, зьбіралася з насельніцтва. Пакуль Полацкае места не атрымала прынілею на Майдэборскае права, валасное насельніцтва складала адно цэлае з мяшчанамі і баярамі, не утвараючы асобнае групы. Сярод полацкага грамадзянства яшчэ ня было значнае клясавае дыфэрэнцыяцыі, што можна вытлумачыць ня досыць глыбокім уплывам гандлёвага капіталу. Валасное насельніцтва выступала у згодзе разам з іншымі групамі грамадзянства, як толькі зачэпліваліся інтарэсы ўсяе зямлі. Калі полацкі намесьнік Олехно Судзімонтовіч захацеў утварыць у Полацкім месьце насаду гараднічага, то ўсё насельніцтва Полацкае зямлі, лічачы для сябе гэта некарысным, зьвярнулася да вялікага князя і прасіла пакінуць усё, як было даўней, і дазволіць, каб сам намесьнік загадваў пабудовай гораду. Просьба насельніцтва была здаволена[2]. Валасныя людзі, якія складалі непадзельную частку ўсяго насельніцтва Полацкае зямлі, знарочваліся разам іншымі групамі грамадзянства да вялікага князя, просячы зацьвердзіць Полацкі прывілей[3].
Узрост паасобных станаў і баярскага зямляўладаньня, з аднаго боку, атрыманьне горадам Полацкам прывілею на Майдэборскае права — з другога, дапамаглі адасабненьню валаснога насельніцтва ад іншых груп грамадзянства. Валасныя людзі сталі ў больш беспасрэднае, залежнае палажэньне да гаспадарскае адміністрацыі, якая, аднак, мала ўваходзіла ў жыцьцё валасное організацыі і абмяжоўвалася толькі нагляданьнем за тым, каб падаткі зьбіраліся паводле старадаўніх звычаяў. Але гэтыя ідылічныя адносіны паступова парушаліся. Урад, улічваючы ўплыў гандлёвага капіталу, заўсёды імкнуўся парушыць старадаўнія звычаі, маючы на мэце павялічыць тыя павіннасьці, што ішлі на гаспадара. Гэткая тактыка гаспадарскае адміністрацыі выклікала протест з боку насельніцтва і была прычынай узьніманьня перад гаспадаром хадайніцтва, каб пакінуць старасьветчыну непарушнай[4].
Адасабненьне гораду ад вёскі, якое замацавалася, як Полацак атрымаў прывілей на Майдэборскае права, адмяжоўвала валасное насельніцтва ад гораду і вылучала яго ў асобную грамадзкую групу з спэцыфічнымі экономічнымі адносінамі, уласьцівымі гэтай групе.
У валасьцёх была яшчэ і другая група насельніцтва, вядомая пад назовам прыгонных людзей. Гэтая група насельніцтва рабіла паншчыну ў гаспадарскіх дварох і адбывала на карысьць двара розныя