Чэлядзь нявольная, парабкі ― інстытут старадаўняга пахаджэньня, і традыцыі інстытуту нявольніцтва ніколі не супынялі свайго існаваньня. Праўнае палажэньне чэлядзі нявольнае ў XV і ў пачатку XVІ сталецьця, у параўнаньні з больш раньняю эпохай нявольніцтва, мала чым адзначалася адно ад другога. Уласьнікі халопаў разглядалі іх, як сваю ўласнасьць і загадвалі імі, як хацелі. Чэлядзь нявольная складала непадзельную частку карыстаньня зямлёй, нароўне з іншымі крыніцамі прыбыткаў ад гаспадаркі, якія былі ва ўладаньні зямляўласьніка. Інстытут чэлядзі нявольнае ня меу грунту для шырокага пашырэньня як дзякуючы адносна нязначнаму пашырэньню шляхоцкага зямляўладаньня, гэтак і з прычыны. перавагі прамысловае гаспадаркі над земляробскаю культурай[1].
Вольнае насельніцтва падзяляецца на дзьве групы: на вайскоўцаў і на цяглых; абедзьве групы адзначаліся адна ад другое сваімі спэцыяльнымі абавязкамі; кляса вайскоўцаў адбывала на карысьць дзяржавы асабовую вайсковую службу, а цяглыя людзі ― выконвалі цяглыя работы і выплачвалі грашовыя падаткі. Аднак, у палажэньні цяглых людзей, ужо з палавіны ХV сталецьця, сталі заўважацца значныя зьмены. Вольныя цяглыя людзі зьнікалі, а замест іх на прыватнауласьніцкіх землях зьявілася прыгоннае сялянства, так званыя "отчычы". Аднак, разьвіцьцё інстытуту прыгону ня выклікала поўнага зьніканьня клясы вольных людзей. Існаваньне вольных людзей на землях прыватных уласьнікаў, паводле вестак Полацкае рэвізіі 1552 году, паказвае, што лік вольных людзей быў раней значна большым.
Каб азначыць прыналежнасьць зямляўласьнікаў да клясы вайскоўцаў, у Полацкай зямлі ўжывалі старадаўні тэрмін "баярын" Попіс 1528 году, што да Полацкае зямлі, ужывае толькі тэрмін "баярын". Усе баяры, якія запісаны у попісе 1528 году, складалі асноўнае асяродзьдзе полацкае шляхты. Полацкія баяры павінны былі адбываць вайсковую службу, норма якое вызначалася памерамі зямляўладаньня. Устава аб вайсковай службе 1528 году вымагала, каб кожны уласьнік, які меў восем сялянскіх службаў, выяжджаў на вайну на добрым кані. Полацкія баяры, што да вайсковае службы, падзяляліся на дзьве катэгорыі: адны выяжджалі на вайну самі, а другія стаўлялі пэўны лік коньнікаў, у залежнасьці ад памераў іх баярскага зямляўладаньня. Агулам кажучы, нельга, на падставе вестак з попісу 1528 году, лічыць полацкую шляхту за многазямельную.
Праўнае палажэньне полацкае шляхты вызначалася ў Полацкай Устаўнай Грамаце, а таксама ― у вагульна-шляхоцкім прывілі. Устаўная Земская Грамата абараняла мясцовыя правы насельніцтва ад пасяганьняў на іх з боку улады вялікага князя; апроч таго, яна надавала правы тутэйшаму баярству прымаць удзел у мясцовых краёвых соймах, а таксама і ў судох, якія адпраўляў ваявода.
Асноўнаю павіннасьцю полацкага баярства была вайсковая служба. Полацкае баярства, як і баярства ўсяе Літоўска-Беларускае дзяржавы, было вольна ад выплаты сярэбшчыны, але, апроч таго, на баярстве ляжалі агульныя павіннасьці, напрыклад, клопаты аб належнай абароне замку[2]. Калі Полацак атрымаў Майдэборскае права, баярства было пазбаўлена ад усялякіх грашовых павіннасьцяй. Роўным чынам той, хто меу землі ў межах гораду, ня быў залежным ад гарадзкое юрысдыкцыі. Полацкая шляхта была вельмі демократычнай у сваім складзе. Сярод яе ня было ні буйных паноў, ні тытуляваных фамілій.