Такім чынам, фамілія Корсак складалася з 16 асоб (лічачы і Зьмітру Корсака), якія павінны былі ўсе разам стаўляць на вайну 275 коньнікаў. У іх уладаньні знаходзілася 2.200 сялянскіх службаў.
Другое месца займала фамілія князёў Лукомскіх, якая, аднак, была значна меншаю за фамілію Корсак:
Сыны князя Рамана Лукомскага:
1. Пётра | 14 коньнікаў |
2. Сымон | 5 " |
3. Міхал | 5 " |
4. Князь Андрэй, сын Івана Лукомскага | 9 " |
5. Князь Богуш Лукомскі | 4 " |
6. Княгіня Міхайлавая Лукомская | 13 " |
__________ | |
50 |
Як відаць з гэтае табліцы, Лукомскія — небагатыя зямляўласьнікі. Уся фамілія складалася з шасьцёх асоб, якія ўсе разам павінны былі стаўляць 50 коньнікаў і мелі 400 сялянскіх службаў. Фамілія князёў Палубінскіх складалася з дзьвюх асоб, з мужа і жонкі, якія стаўлялі 8 коньнікаў. Да адносна значных зямляўласьнікаў належылі: пані Міхайлавая-Сяньковічыха, якая стаўляла 14 коньнікаў, і пані МацееваяСканькевічыха — 10 коньнікаў. Фамілія Сакалінскіх складалася з дзьвюх асоб: з княгіні Васільлевай-Сакалінскай і князя Юр'я Сакалінскага; абое стаўлялі 18 коньнікаў. Вось якія былі найбольш выдатныя прадстаўнікі шляхоцкага зямляўласьніцтва ў Полацкай зямлі. З рэшты — дзеці Глеба Остаф'евіча стаўлялі 13 коньнікаў; Андрэй, сын Сымона Эпімаха, стаўляў 12 коньнікаў за сваіх братанічаў, якіх ён апекаваў; два баярыны — па 9 коньнікаў, адзін баярын — 8 коньнікаў і адзін — 7 коньнікаў; па 5 коньнікаў стаўлялі пяць баяр, адзін баярын — 6 коньнікаў, пяць баяр стаўлялі па 4 коньнікі, 2 — па 3, 12 — па 2 і 24 — па адным коньніку. Апошнія выходзілі на вайну самі. Такім чынам, уся полацкая шляхта выстаўляла 538 коньнікаў, з ліку якіх больш паловы прыпадала на фамілію Корсак.
З паказанага ліку коньнікаў, якіх павінна была даваць полацкая шляхта, можна бачыць, што Полацкая зямля была тэрыторыяй дробнага і сярэдняга зямляўладаньня. Ня было буйным па сваіх памерах і мяшчанскае зямляўладаньня. Большасьць зямляўласьнікаў з мяшчан, якія трымалі зямлю паводле земскага права, стаўлялі на вайну толькі аднаго коньніка, інакш кажучы, — выяжджалі самі. Спасярод мяшчан вызначаліся толькі двое, адзін з якіх стаўляў 7 коньнікаў, а другі 9 коньнікаў. Адзін спаміж мяшчан-зямляўласьнікаў даваў, супольна з братам, 5 коньнікаў. Група мяшчан стаўляла 6 коньнікаў, двое мяшчан стаўлялі — па 4 коньнікі, чацьвера — па 3 коньнікі, сем мяшчан выходзілі на вайну з 2 коньнікамі[1]. Захаваньне мяшчанскага зямляўладаньня, з абавязкам адбываць вайсковую службу, было асаблівасьцю Полацкае і Віцебскае зямель. Праўда, мяшчанскае зямляўладаньне ў Віцебскай зямлі, згодна з попісам 1528 году, ня мела значнага пашырэньня. Тое, што ў Полацкай зямлі было мяшчанскае зямляўладаньне, ёсьць адзнака слабога насычэньня яе шляхоцкім станам
- ↑ Іbіd., стар. 195—197.