паміж князем Вітэнам і немцамі, то зараз-жа ад імя полацкага біскупа Якава была паслана грамата да ўлады Рыгі, у якой прасілі прапусьціць хлеб у Полацак; грамата дэкляравала здаволіць рыскіх жыхароў ва ўсіх справах у вадносінах да полацкіх купцоў, з умовай, — калі, з свайго боку, Рыга здаволіць у такіх-жа самых справах полацкіх купцоў[1]. Аднак, ня гледзячы на тое, што нямецкі ордэн быў у значнай меры аслаблены і ваенныя падзеі спыніліся, асабліва пасьля Тарунскае умовы 1466 году, гандлёвыя зносіны Полацку з Рыгай ня сталі ад гэтага нормальнымі. Рыская ўлада рабіла перашкоды полацкім купцом у гандлі і не прапушчала іх за Рыгу. Таксама рыскія купцы, якія прабавалі трапіць у Віцебск і Смаленск, сустракалі з боку полацкае ўлады такія-ж неспагадныя адносіны. І тыя, і другія імкнуліся трымаць у сваіх руках монополію гандлю і не хацелі рабіць адзін другому ніякіх паслабленьняу. Праўда, полацкая ўлада была згодна даць рыскім купцом права езьдзіць у Віцебск і Смаленск, але з умовай, калі полацкім купцом «мимо Риги будет путь чист и водой и землей»[2]. Відавочна, ніхто не пашоў насустрач адзін другому. Скаргі з аднаго і з другога боку ня спыняліся. Гэтыя непаразуменьні ў значнай меры перашкаджалі таваразвароту паміж Рыгай і Полацкам. Рыская ўлада ня толькі рабіла перашкоды полацкім купцом у іх гандлі, але нават неяк абрабавала купцоў, якія прыехалі з таварамі ў Рыгу, адабраўшы ў іх коні, так што купцы прымушаны былі варочацца ў Полацак пешшу. Полацкая ўлада прапанавала Рызе адмовіцца ад такіх адносін да полацкіх купцоў, пагражаючы конфіскаваць усе тавары нямецкіх купцоў у Полацку. Полацак запрапанаваў яшчэ раз даць сваім купцом, як было даўней, «за море путь чист», і тады немцам будзе дадзена права езьдзіць у Віцебск і Смаленск, але гэта, відаць, не ўваходзіла ў пляны немцаў. Грамата на Майдэборскае права гораду Полацку ад 7 кастрычніка 1498 году забараняе замежным купцом езьдзіць у Віцебск і Смаленск з таварамі, пагражаючы конфіскаваць усю маемасьць. Дазваляліся падарожы ў Смаленск толькі дзеля спагнаньня даўгоў; укладваць-жа якія-небудзь новыя ўмовы ў Віцебску і Смаленску было нельга[3]. Маскоўскія купцы таксама прыяжджалі ў Полацак дзеля продажы свае сыравіны і сваіх фабрыкатаў, так званага маскоўскага палатна. Яны ўваходзілі з тутэйшымі літоўска-беларускімі купцамі ў розныя гандлёвыя зносіны; іншы раз тутэйшыя купцы бралі на сябе дастаўку пэўнае колькасьці патрэбных для Масквы тавараў. Трэба адзначыць, што літоўска-беларускія купцы не заўсёды выконвалі свае абавязкі ў адносінах да маскоўскіх купцоў. На гэтым грунце адбываліся непаразуменьні, якія звычайна пераносіліся на суд ваяводзкае ўлады[4].
Усё гэта сьведчыць аб адносным разьвіцьці ў Полацкай зямлі гандлёвага капіталу, які ўцягваў народную гаспадарку ў сваю сфэру, і які рабіў вялікі ўплыў на гаспадарчыя адносіны.
Гаспадарка Полацкае зямлі была ня столькі сельскага, колькі прамысловага характару. Эксплёатаваньне рознае ароміны складала найбольшую частку прыбыткаў як для гаспадара, гэтак і для прыватных зямляўласьнікаў. Імкненьне павялічыць прыбыткі з гаспадаркі вяло за сабой пажаданьне пашырыць колькасьць свае зямлі як заселенай, гэтак і незаселенай — бабровых гоняй, сенажацяй, гаёў, пушчаў і гэтак далей.