Перайсці да зместу

Старонка:Полацкая зямля ў пачатку XVI сталецьця.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Гэтак, паводле справаздачы падскарбія земскага, Абрагама Язаповіча, на працягу 1510—1511 гадоў, за 18 месяцаў, ад Полацкае мытнае каморы паступіла 1.350 коп грошай, — сма вельмі значная для таго часу[1]. Калі Полацак атрымаў прывілей на Майдэборскае права, дык ён павінен быў плаціць штогод гаспадарскаму скарбу 400 коп грошай[2]. Вызначэньне такое сумы было выклікана толькі тым, што прыбыткі ад замежнага гандлю былі даволі значнымі, і Полацак меў магчымасьць выплаціць вызначаную суму. Праўда, у трыццатых гадох XVI сталецьця гэты падатак быў зьменшаны да 200 коп грошай. Спачатку гэтае зьмяншэньне было часовым, але, з цягам часу, яно зрабілася сталым. Паводле вестак Полацкае рэвізіі 1552 году, у гаспадарскі скарб паступала 200 коп грошай[3]. Такое зьмяншэньне, відаць, бало выклікана скарачэньнем замежнага гандлю, што, да пэўнае ступені, залежыла ад напружных узаемаадносін, якія ўтварыліся паміж Літоўска-Беларускай дзяржавай і Масквой. Тое, што Полацкія карчмы аддаваліся на пасэсію, сьведчыла аб карыснасьці гэтага; такія ўмовы часткай залежылі ад гарадзкога гандлю. Гэтак, у пачатку XVI сталецьця гаспадарскі шляхціц Міхал Скапіеўскі не пабаяўся ўзяць на пасэсію полацкія карчмы на пяць год і заплаціць 2.000 коп грошай «дробнай лічбы»[4]. Відавочна, Скапіеўскі быў упэўнены ў тым, што ён ня страціць на гэтым прадпрыемстве.

Пацьвярджальны і пашыраны прывілей Полацку на Майдэборскае права, ад 27 жніўня 1510 году, дазваляў гарадзкой адміністрацыі пабудаваць чатыры гасьціныя двары, з умовай каб палову прыбыткаў аддавалі на карысьць вялікага князя[5]. Праўда, гэтая пастанова да 1529 году, па нейкіх мотывах, ня была выканана. Гаспадар пагражаў мяшчанам, што ён пабудуе гасьціны двор на свой уласны кошт і возьме прыбыткі сабе, калі на працягу году ня будуць пабудаваны гасьціныя двары[6]. Відаць, пабудаваньне гасьціных двароў было карысна для ўраду, і ў той самы час гэта сьведчыла аб разьвінутым гарадзкім гандлі. Можна думаць, што Полацак спаткаў нейкія перашкоды ўнутранага характару, калі ня меў магчымасьці на працягу досыць значнага часу пабудаваць на ўласны кошт гасьціны двор.

Горад Полацак займаў у гандлёвых адносінах вельмі зручную мясцовасьць. Па галоўнай воднай артэрыі Полацак меў зносіны з Рыгай і Масквой. Гандаль з Рыгай для Полацку быў вельмі патрэбны, бо Полацак ня толькі атрымліваў праз Рыгу продукты заходня-эўропейскае вытворчасьці, але таксама ён даставаў і хлеб, у якім, дзякуючы стану сельскае гаспадаркі, у Полацкай зямлі адчувалася вялікая патрэба. Гандлёвыя зносіны з Рыгаю вялі ўвесь час за сабой непаразуменьні, асабліва — да перамогі над нямецкім ордэнам ля Грунвальду ў 1410 годзе. Немцы, якія заселі ў вусьці Заходняе Дзьвіны, мелі поўную падставу стаўляць перашкоды полацкаму гандлю, каб гэтым самым трымаць Полацак у поўнай ад сябе залежнасьці. Зразумела, Рызе было вельмі важна не прапушчаць хлеб у Полацак, бо адносіны паміж немцамі і літоўцамі ўвесь час былі напружаныя. Што Полацак адчуваў вялікую патрэбу ў хлебе, відаць, хаця-ж бы з таго, што, калі ў пачатку XIV сталецьця да Полацку дашлі весткі аб спыненьні вайны

  1. Ibid., № 133. Проф. М. В. Довнар-Запольский. Государственное хозяйство великого княжества Литовского при Ягеллонах. Том I. Киев, 1901, стар. XXI.
  2. Акты Зап. России. т. I, № 159.
  3. Полоцкая ревизия, стар. 28.
  4. Акты Лит.-Русск. государства, № 84.
  5. Акты Зап. России. т. II, № 61.
  6. Акты Лит.-Русск. государства, № 191.