Старонка:Песня пра цара.pdf/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Родны бацька спіць у сырой зямлі,
Поруч з ім ляжыць мая матухна;
А мой большы брат, сам ты ведаеш,
У чужым баку згінуў безвесці,
Меншы брат яшчэ дзіця горкае,
Дзіця горкае, неразумнае…»

Гаварыла так Алена Дзмітраўна,
Гаручымі слязамі залівалася.

Пасылае Сцяпан Парамонавіч
Па двух меншых братоў сваіх;
І прышлі яго два браты, пакланіліся,
І такое слова яму мовілі:
«Ты скажы нам, большы наш брат,
Што з табой такое прычынілася,
Што паслаў ты па нас у цёмную ноч,
У цёмную ноч марозную?»
— Я скажу вам, браточкі любыя,
Што ліхая бяда са мной прычынілася:
Абняславіў сям’ю нашу чэсную
Злы апрычнік царскі Кірыбеевіч;
А такой абразы не стрымаць душы
Ды не вынесці й сэрцу маладзецкаму;
Вось як заўтра будзе кулачны бой
На Маскве-рацэ пры самім цару,
Выйду я тады на апрычніка,
Буду біцца насмерць, да астатніх сіл:
Пераможа мяне ён — выходзьце вы
За святую праўду-матухну.
Не спалохайцеся, браты мае любыя!
Маладзей за мяне вы — сілы свежыя.
На вас меней грахоў назбіралася,
Дык авось гасподзь і злітуецца!

І ў адказ яму браты мовілі:
«Куды вецер падзьме над палеткамі
Туды й хмаркі ідуць паслухмяныя;
Калі шызы арол кліча голасам
На крывавую даліну пабоішча,
Кліча баль баляваць, мерцвякоў прыбіраць,
Да яго й арляняты збіраюцца.