Старонка:Песня пра цара.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Сама белая, праставалосая,
Косы русыя разбрасаныя.
Снегам-шэранем перасыпаны;
Глядзяць вочы мутныя, бы вар’яцкія;
Вусны шэпчуць словы непрытомныя.

«Дзе-ж ты, жонка, ды гэтак бадзялася?
На якім двары, ў якой вуліцы,
Што збязладжаны валасы твае,
Што адзенне тваё ўсё расхрыстана,
Бо гуляла ты, балявала ты
Мо’ з сынамі ўсё баярскімі!..
Не на гэта мы, жонка, перад вобразам
У царкве, у паноў заручаліся,
Залатымі пярстнямі мяняліся…
Як замкну я цябе на жалезны замок,
За дубовыя дзверы каваныя,
Каб ты божага сонца не бачыла.
Каб імя майго больш не паганіла…»
Тое чуючы, Алена Дзмітраўна
Задрыжэла ўся мая галубачка,
Затрэслася, бы лісцік асінавы,
Горка-горка яна заплакала,
Ў ногі мужу павалілася.

«Гасудар ты мой, маё сонейка,
Ці забі ты мяне, а ці выслухай!
Твае словы — быццам востры нож;
Ад іх сэрца разрываецца.
Не баюся смерці лютай я,
Не баюся людскіх языкоў,
А баюся тваёй неласкавасці.
Ад вячэрні ішла гэтым вечарам
Я па вулцы адна адзінокая,
І пачулася мне, нібы снег скрыпіць;
Азірнулася — чалавек бяжыць.
Мае ножачкі падкасіліся,
Шоўкавай фатой я закрылася.
А ён схапіў мяне за рукі,
І сказаў мне так ціха, ледзь шэпчучы: